Рэплікі сусветных шэдэўраў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

7 февраля 2017

Выставачную пляцоўку аддалі зусім юным аўтарам. Маладыя мастакі сталі ўдзельнікамі першага публічнага арт-праекта, дзе сабраныя работы дзяцей з Беларусі і Германіі. Аўтарскія інтэрпрэтацыі Манэ або цытаты Дэга ў нестандартным фармаце ўбачыла Ніна Мажэйка.

Нацягнутае палатно, палітра і яшчэ не зусім упэўненыя рухі пэндзлем. Але гэта пакуль. Увасобіць мастацкую задуму дапамагаюць настаўнікі. Галоўнае - не баяцца.

Кансерватыўны падыход замяніў рэпетытарскі фармат. Любыя эксперыменты тут вітаюцца. Тым больш, калі экспромт датычыцца імёнаў у сусветным жывапісе.

Вікторыя Камарова, кіраўнік арт-студыі: "Многія хочуць паспрабаваць, як Ван Гог, пісаць мазкамі, напісаць нешта сваё. Або хочуць, як Сальвадор Далі. Мы вельмі настойвалі на тым, каб гэта былі не копіі, каб гэта былі ўласныя творы са сваёй арганічнай ідэяй, якой проста чалавек натхняецца".

Для Ксеніі гэта першая публічная выстава, тым больш на пляцоўцы са статусам "нацыянальны". Перад прэм'ерай хваляваліся. Дзяўчына працытавала Рэнэ Магрыта - прапанавала сваю інтэрпрэтацыю знакамітага джэнтльмена ў кацялку. У цэнтр кампазіцыі паставіла саму сябе.

Ксенія Аляхновіч, удзельніца арт-праекта "Мой любімы мастак": "Я ў космасе і космас у мне. Я яе так назвала, таму што я хацела прымусіць людзей задумацца і каб яны прасякліся філасофіяй у гэтай карціне і каб кожны для сябе ўбачыў нешта сваё".

Пісала гуашшу. Каб імправізаваць алеем, спатрэбіцца час. Пакуль мастацкі стаж усяго паўгода. А ўлетку яна і яшчэ некалькі выхаванцаў арт-студыі зменяць антураж на мастацкія майстэрні вядомай Глебаўкі.

Дзіяна Таболіч, удзельніца арт-праекта "Мой любімы мастак": "Я ўзяла менавіта жанр сюррэалізм, а ідэя цалкам мая, узятая з майго сну. Светлы кіт на цёмным фоне і яго акружаюць усплёскі вады”.

Дэбютны паказ міжнароднага праекта адбыўся на радзіме Дзюрэра ў Нюрнбергу - у адным з найбуйнейшых арт-цэнтраў Баварыі. Сёння нямецкі жывапіс у кампактным фармаце ў Мінску.

У экспазіцыі амаль няма палотнаў у натуральную велічыню. Арыгіналы замянілі постарамі. Такое рашэнне не проста эканоміць прастору, але і вырашае пытанне "першага поціску рукі" паміж публікай і аўтарамі.

Рэплікі Клода Манэ або цытаты Дэга з аўтарскім маркерам. Не толькі работа, але і інфармацыя пра мастака, маляўнічая першакрыніца і міні-інтэрв'ю. Экспазіцыя прадугледжвае ўдумлівы падыход - прабегчыся вачамі не атрымаецца.

Алена Барон, кіраўнік культурнага цэнтра ў г. Нюрнбергу (Германія): "Яны ўсе крыху пазнавальныя. Вось вы падыдзеце, нават не трэба знаёміцца – усё-такі вы знаходзіце, хто быў настаўнік. Гэта вельмі пашырае далягляд дзіцяці".

Вопыт змешвання аўтарскіх тэхнік насамрэч - мастацкая рыторыка на тэму сучаснага мастацтва. Бо ў жывапісе, як і ў музыцы, усяго сем нот.