Радыё Гродна адзначае свой 15-ы дзень нараджэння

28 ноября 2014

Сёння юбілей у адной з самых папулярных рэгіянальных FM-станцый Беларусі. Радыё Гродна адзначае свой 15-ы дзень нараджэння. 36% усёй аўдыторыі вобласці кожны дзень уключаюць менавіта гэту станцыю, складаючы канкурэнцыю нават рэспубліканскай FM-хвалі. Упершыню выйшаўшы на сваю частату ў 1999 годзе, таленавіты калектыў дыджэяў па-ранейшаму ўпэўнена трымае пальму першынства. Кожны сезон у эфіры новыя праграмы. Разам са звыклым фарматам вяшчання знаходзяць папулярнасць і анлайн-трансляцыі.


Мікалай Мельячэнка, дырэктар РУП РТЦ Тэлерадыёкампанія Гродна:


Нам прыемна, што нам давяраюць, нас любяць, нас шануюць. І самае галоўнае, што я бачу, што ў нас ёсць вялікая будучыня. Ужо сёння для гэтага робяцца пэўныя крокі. Напрыклад, вось літаральна месяц таму мы замянілі праграмнае забеспячэнне радыёстанцыі на больш сучаснае, якое больш, што называецца, адказвае сёння лічбавым рэаліям вяшчання.


Сёння Радыё Гродна не толькі рэгіянальная FM-станцыя. Пашыраецца аўдыторыя, дзякуючы прыгранічнай геаграфіі сярод слухачоў таксама Польшча і Літва. Неўзабаве дададуць і функцыю RDS. Дарэчы, у дзень нараджэння вядучыя радыёстанцыі падрыхтавалі для слухачоў падарункі.