Публіка разбірае білеты на спектаклі ў адноўлены Купалаўскі тэатр

6 апреля 2013

Увесь красавік раскуплены. У продажы выключна май.


 


Якія пастаноўкі ўжо даюць у сіне-бірузовай зале - у рэпартажы Іны Пілевіч.  


Трэцяга званка яшчэ не было, а ўсе месцы занятыя. Цяпер публіка прыходзіць сюды за гадзіну да спектакля, каб перад пастаноўкай на свае вочы ацаніць і зрабіць фотаздымак у інтэр’ерах рэнесанснага Купалаўскага тэатра. Унутраны дэкор вытрыманы ў стылі 19 стагоддзя і выкананы ў гістарычным сіне-бірузовым колеры.

Крэслаў менш. Месца болей. Цяпер аднолькава добра відаць і з партэра, і з бельэтажа, і з балкона. Пашырыліся не толькі праходы паміж радамі, але і калідоры. Пасля перапланіроўкі дапаможных памяшканняў артысты рэпеціруюць яшчэ і праход па маршруце грымёрка-сцэна, каб не заблудзіць перад выхадам на падмосткі.

 (Наталля Качаткова, заслужаная артыстка Беларусі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы)


Білеты на красавік прададзеныя. У продажы выключна май. Лішні білет пытаюць на Паўлінку. Звычайная гісторыя, як дзяўчына абрала жаніха насуперак бацькоўскай волі, 70 гадоў ідзе на купалаўскай сцэне ў нязменнай пастаноўцы Льва Літвінава. Традыцыйна пачынае кожны новы сезон тэатра. І менавіта “Паўлінкай” адкрылі галоўную драматычную сцэну краіны пасля рэканструкцыі.

Дэкарацыі “Паўлінкі” абнавілі па гістарычных эскізах - усё як 70 гадоў таму. І цяпер асабліва бачна, наколькі пашырылася сцэна. А значыць, ёсць прастора для творчых палётаў. Наогул, плошча тэатра пасля рэканструкцыі павялічылася больш чым у два разы.  

Акрамя дэкарацый, новыя касцюмы і склад артыстаў. Для купалаўцаў Паўлінка як школа акцёрскага майстэрства. Праз масоўку праходзяць усе пачаткоўцы, сёння лявоніху танцуюць выпускнікі Акадэміі мастацтваў. Між іншым, атрыманне вобраза сталага героя п’есы як прызнанне прафесіяналізму. Нечакана ва ўзроставых персанажах выйшлі Міронава, Манаеў, Няфёдава.

(Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: Гэта натуральны працэс. Мы Паўлінку заўсёды робім больш і больш маладой, таму што ў нас ёсць пакаленні, якія іграюць даўно. І ў нас тыя, хто былі Паўлінкамі, потым маці становяцца і гэтак далей.)


(Аляксей Яравенка, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: Паўлінка мне вельмі імпануе,  гэта класіка. Па-другое, вельмі цудоўны склад артыстаў. Новая пастаноўка адаптавана пад сучаснасць і ўключае таксама некаторыя асаблівасці нашага жыцця.)

Пакуль у зале камедыя Купалы, паверхам вышэй вадэвіль Дуніна-Марцінкевіча. Спектакль Пінская шляхта адаптуюць пад новыя тэатральныя ўмовы ў вялікім рэпетыцыйным пакоі. Ён як люстэрка дубліруе асноўную сцэну. Усяго цяпер у Купалаўскім тэатры тры залы для творчых фантазій і прагонаў.