Прамая тэлефонная лінія з міністрам культуры Барысам Святловым

30 января 2015

Ну, а тут гаварылі пра тое, што рублямі не вымераеш. Сёння ў рэдакцыі выдавецкага дома "Звязда" прайшла прамая тэлефонная лінія з міністрам культуры Барысам Святловым. Пыталі аб розным, але цэнтральныя тэмы - гістарычныя сімвалы, мова і нацыянальная ідэя - былі навеяныя ўчарашняй сустрэчай Прэзідэнта з журналістамі.

Што яшчэ з неацэннага хвалюе беларусаў - раскажа Алена Борматава.

Міністр ля апарата роўна ў 10 раніцы. Званкі пачынаюцца крыху пазней, што дае магчымасць адказаць на пытанне чытача “Звязды” з Магілёва, дасланае на паштовую скрыню газеты - падтрымка беларускай мовы і пашырэнне сфер яе ўжывання.

Пытанне выкарыстання беларускай мовы ў штодзённым жыцці ўзнімалася і напярэдадні, на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з журналістамі. Адлюстраванне з’явы адчуваецца і ў прыняцці важных дзяржаўных праграм. Напрыклад, у праграме “Культура Беларусі” закладзеныя пэўныя нормы – значная колькасць спектакляў нацыянальных тэатраў ідуць на беларускай мове, да таго ж 40% музейных экскурсій таксама праводзяцца па-беларуску. І гэта ў сітуацыі білінгвізма - у нас афіцыйна замацаваныя і прынятыя дзве дзяржаўныя мовы.

Мова, літаратура і кінематограф – у  топе пытанняў да міністра. Званкі з усіх рэгіёнаў і ад людзей розных прафесій – ад прадстаўнікоў мясцовых улад да простых пенсіянераў.

Раз на месяц выдавецкі дом “Звязда” ладзіць тэлефонную лінію з чытачамі. Міністэрства культуры на прамой сувязі не першы раз. Сёння міністру культуры замест гадзіны прыйшлося адказваць на пытанні значна болей. І яны тычыліся як аптымізацыі бібліятэчнага фонду, так і захавання помнікаў культуры і архітэктуры Беларусі.

Прапанова ўсталяваць помнік Купалу ў Магілёве адразу знайшла падтрымку ў кіраўніка ведамства. Штосьці ўзялі на карандаш, як сітуацыю са скарачэннем устаноў культуры ў вёсцы. Прынята да работы і пытанне папулярызацыі мастацкай спадчыны ў рэгіёнах Беларусі.

Адказаў міністр і на пытанні асабістага характару – ён не прапускае ніводнай тэатральнай прэм’еры, чытае творы маладых беларускіх літаратараў і цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Адразу пасля заканчэння прамой тэлефоннай лініі з чытачамі выдавецкага дома "Звязда" ў графіку міністра культуры - калегія ведамства па працы са сродкамі масавай інфармацыі. Дарэчы, тут прысутнічалі не толькі прадстаўнікі Мінкульта, але і Міністэрства інфармацыі, кіраўнікі рэспубліканскіх і абласных СМІ, а таксама дырэктары нацыянальных тэатраў, музеяў, бібліятэк, мастацтвазнаўцы. Як ідуць справы з асвятленнем сацыяльна-культурнай тэматыкі ў тэле- і радыёэфіры, і на старонках друкаванай прэсы. Міністэрства і ўсе ведамасныя ўстановы адкрытыя для прэсы і гатовыя да больш цеснага супрацоўніцтва. Дарэчы, папулярызацыя нацыянальнай культурнай спадчыны штодня асвятляецца ў інфармацыйных і аналітычных праграмах Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі.