25 ноября 2016

Зоркі сусветнага джаза ў Мінску. Творы ў стылі наіўнага мастацтва ў галерэі "Універсітэт культуры" і "Цёплыя тыдні" ў Пушкінскай бібліятэцы.

Як цікава правесці выхадныя - падкажа рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. V міжнародны фестываль джаза ў Мінску разам з легендарнымі выканаўцамі з Амерыкі, Расіі, Арменіі, Латвіі. Наколькі любяць джаз у Беларусі, можна меркаваць па перапоўненых канцэртных залах.

Адкрываў джазовае свята на сцэне Палаца прафсаюзаў біг-бэнд "Рыга Міраж" з Латвіі, які амаль 50 гадоў таму стварыў легендарны музыкант і кампазітар Райманд Паўлс.

На джазавы форум у Мінск, які будзе доўжыцца да 27-га лістапада, прыедуць амаль 100 артыстаў. Сярод іх каралева блюза Энджэла Браун з Чыкага і многія іншыя зоркі сусветнага джаза з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Лос-Анджэлеса, Рыгі, Мінска, Нью-Ёрка і Ерэвана.

Напачатку XX стагоддзя беларуская мастачка хадзіла па вёсках і распісвала дываны цудоўнымі жывёламі і птушкамі. Яна і не ведала, што імя Алёны Кіш трапіць у Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва і будзе натхняць новыя пакаленні мастакоў праз стагоддзе.

Творы ў стылі наіўнага мастацтва, прысвечаныя адной з яскравых прадстаўніц гэтага кірунку Алёне Кіш, выстаўлены ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", што ў Палацы Рэспублікі. Алёна Кіш славу набыла пасля смерці ў 1978 годзе, на першай рэспубліканскай выставе народных дываноў. Яе творчасць натхніла сучасных мастакоў на правядзенне пленэра.

"Цёплыя тыдні" пачынаюцца ў гэтыя выхадныя. Я не пра надвор'е. Выстава дэкаратыўнага лямцу і лялек пад назвай "Цёплыя тыдні" адкрываецца ў галерэі Пушкінскай бібліятэкі.

На выставу "Цёплыя тыдні" беларускім майстрам трапіць было няпроста. Работы ў тэхніцы валення прымаліся па асаблівых крытэрыях: аўтарскі падыход, высокая якасць выканання, творчая падача і галоўнае – ідэя.

У рамках "Цёплых тыдняў" - адукацыйныя мерапрыемствы як для дзяцей, так і для дарослых, майстар-класы ад лепшых майстроў Беларусі, а таксама майстар-шоу па валенні шапкі з патомным шапавалам у пяці пакаленнях.

Да канца лістапада ў Мінску праходзіць XIII Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў "Тэатральны куфар, БДУ". Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.