22 сентября 2017

Час планаваць выхадныя. Музыка Ісаака Шварца з любімых кінафільмаў на сцэне Белдзяржфілармоніі, выцінанкі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і вышытыя карціны ў гасцёўні Галубка.

Падрабязнасці ў рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч. Рускія рамансы і музыка такіх вядомых кінафільмаў, як "Белае сонца пустыні", "Зорка чароўнага шчасця" кампазітара Ісаака Шварца ў творчым праекце «Музычная гасцёўня Таццяны Старчанкі». Рубрыка “Праменад” трапіла на рэпетыцыю канцэрта.

Усе мы любім музыку з кінафільмаў, якія сталі класікай савецкага кінематографа. Аднак часам імя кампазітара, які напісаў гэтыя шэдэўры, застаецца па-за кадрам у прамым і пераносным сэнсе. Творы Ісаака Шварца гучаць у суботу на вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі, куды «Музычная гасцёўня» запрасіла лепшых музыкантаў краіны. Акрамя інструментальных выканаўцаў сімфанічнага аркестра, і оперныя салісты Вялікага тэатра Беларусі.

Цёплая атмасфера выставы адкрывае сакрэты мастацтва выцінанкі, якое ўзнікла на тэрыторыі Беларусі з XVI стагоддзя. У шляхецкім асяроддзі існавала сілуэтнае выразанне (чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродных матываў, бытавых сцэн).

Пашырэнне выцінанкі ў беларускім народным побыце прыпадае на канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў і звязана са змяненнямі характару жылля, з адноснай даступнасцю і таннасцю паперы, з новымі тэндэнцыямі ў народным мастацтве. З канца ХІХ стагоддзя карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, мэблю, паліцы для посуду і абразоў. У рамках выставачнага праекта ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудуцца майстар-класы і творчыя сустрэчы з аўтарамі.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка дэманструе чароўны свет вышытых карцін. У экспазіцыі амаль 40 работ у рознай тэхніцы ручной вышыўкі. Гэта своеасаблівы погляд на мастацтва праз вушка іголкі майстрых.

Каб зрабіць такія карціны, аўтару патрэбна ад некалькіх месяцаў да года. Здзіўляе неверагодная якасць майстэрства. Клуб "Сузор'е", які аб'ядноўвае жанчын розных узростаў і прафесій, займаецца вышыўкай і сёлета адзначае 10 гадоў.

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно - лепшыя працы 15-га конкурсу прэс-фота Літвы. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.