Прырода Беларусі праз акварэль, пастэль і алей на выставе "Ціхая мая Радзіма" ў Барысаве

6 апреля 2023

Жывапісец і мастацтвазнаўца. У мастака з Жодзіна Уладзіміра Макарава два дыпломы, у тым ліку прэстыжнай пецярбургскай Рэпінкі, але ўсё сваё творчае жыццё майстар прысвяціў не арт-крытыцы, а маляванню і стварэнню карціннай галерэі ўласнага аўтарства. Пейзажы, нацюрморты, жанравыя карцінкі - работы розных перыядаў творца аб'яднаў у персанальнай выставе пад гаваркой назвай "Ціхая мая Радзіма".

Паўсотня палотнаў размясцілася ў галерэі "З'ява" Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Наталля Бардзілоўская пабывала на вернісажы.

Заліўныя лугі, неабсяжная ралля, прасёлкавыя дарогі і сціплыя драўляныя хаткі, букецікі лясных і палявых кветак, немудрагелістыя сцэнкі вясковых свят і побыту, вобразы простых людзей-сялян. Гэтыя карціны нібыта з вершаў Ясеніна і Рубцова - любімых паэтаў аўтара-жывапісца. Сам мастак - Уладзімір Макараў - родам з Пензенскай вобласці, але ўжо звыш 60 гадоў жыве ў Беларусі, таму ў яго работах такія падобныя  расійскія і беларускія прыродныя краявіды і вельмі блізкія па традыцыях і ладу жыцця людзі. Сваю выставу аўтар так і назваў "Ціхая мая Радзіма" - рубцоўская паэтычная цытата і ўсе 54 работы, прадэманстраваныя ў праекце, поўнасцю адпавядаюць ёй.

Акварэль, пастэль, алей. Але якімі б фарбамі не пісаў, колеры мастак выбірае не яркія, стрыманыя. Такі выбар ад уласнага адчування наваколля. А яшчэ ад лепшых жывапісных узораў, якія Макараву далі айчынныя класікі.

Кумір Уладзіміра Макарава – беларус Бялыніцкі-Біруля. Някідкасць вобразаў, пяшчота фарбаў і ода прыродзе - тое, што яднае абодвух мастакоў. Як і Вітольд Каэтанавіч, Уладзімір Мікалаевіч прызнаецца ў любові да малой Радзімы  пэндзлем.

З Бялыніцкім-Бірулем асабіста знаёмы не быў, але Уладзімір Макараў - сучаснік і сябра такіх беларускіх знакамітасцей, як Аляксандр Кішчанка (аўтар "Габелена стагоддзя"), пейзажыст Уладзімір Пашчанка, легендарны Міхаіл Савіцкі. Доўгі час супрацоўнічаў з мэтрамі на Барысаўскім камбінаце прыкладной творчасці.  

Сёння піша жодзінскую ўскраіну. Макараў, які ўлетку адзначыць 85-гадовы юбілей, поўны сіл, натхнення і ідэй, якія вось такімі  светлымі, цёплымі блікамі кладуцца на палатно.