Прэм'еры на Першым канале Беларускага радыё

5 мая 2015

Падрыхтоўка да вялікай даты – 70-годдзя Перамогі – адна з галоўных тэм перадач Першага канала Беларускага радыё. У эфіры ўжо гучаць радыёспектаклі паводле твораў нацыянальных аўтараў. У якасці галоўнага падарунка слухачам рыхтуюць прэм'еру – ваенную драму сучаснага пісьменніка Уладзіміра Саламахі.

Расказвае Юлія Лосікава.

У сучасным адзенні, студыйным антуражы, сярод мікрафонаў стаяць героі ваеннай аповесці Уладзіміра Саламахі. Заслужаныя і народныя артысты, каб адыграць звышурочны спектакль, некалькі разоў на тыдзень прыходзяць па адрасе вуліца Чырвоная, 4. Аднак заспець усіх разам магчыма толькі на тэатральнай пляцоўцы. Вось яна, каралева радыё Марыя Захарэвіч побач з Памазанам і Кірычэнкам. Хіба што ўчора ў Купалаўскім разам ігралі “Лістапад. Андэрсан” і тут зноў драма. Ваенная. Без сафітаў і дэкарацый.

Аповесць “І няма шляху чужога” – гісторыя спаленай фашыстамі беларускай вёскі. Летась кніга выйшла ў тыраж і адразу трапіла на пляцоўку. У тэатр ля мікрафона.

Ля мікрафона ваенную драму адыгрываюць не толькі народныя і заслужаныя. З Тэатра юнага гледача запрасілі і маладыя таленты. Паралельна з запісам тэксту ў асобнай студыі пішуць масавыя сцэны, гукі і шумы сялянскага жыцця. Выкарыстоўваюць і багатыя фонды гуказапісу, адтуль узялі спевы птушак, брэх сабакі і завыванне завірухі.

Сёння архіў Беларускага радыё налічвае больш за 3,5 тысячы радыёспектакляў. На ваенную тэматыку сярод іх некалькі соцень. Фарміраваць гэты ваенны летапіс пачалі ў канцы саракавых.

У гэтым аўдыяархіве захоўваюцца і запісы з паметкай “Дзяржаўная прэмія СССР”. Вядома, што нараўне з тэатральнымі пастаноўкамі канкурыравалі і радыёспектаклі.

У эфіры Першага нацыянальнага канала радыёпрэм’ера прагучыць у трох частках. Апошняя – у Дзень Перамогі.