Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, пачаліся ў Слоніме

31 августа 2019

У Слоніме сёння пачынаюцца ўрачыстасці з нагоды святкавання Дня беларускага пісьменства. У горадзе разгорнуцца дзясяткі выставачных павільёнаў і тэматычных пляцовак - ад тэатральнай да моладзевай з фотазонамі і гастранамічнымі далікатэсамі. Адкрыецца фестываль кнігі і прэсы, дзе можна  будзе азнаёміцца з новымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі. Насычанай абяцае быць і навукова-асветніцкая праграма. Міжнародныя круглыя сталы будуць праходзіць сёння на працягу ўсяго дня.  Вядомыя  гісторыкі і краязнаўцы абмяркуюць культурную спадчыну рэгіёнаў Беларусі на навукова-практычнай канферэнцыі "Слонімскія чытанні".

Ірына Захарчук, этнограф: "Гэта канферэнцыя рэспубліканскага значэння, таму што сюды прыязджаюць навукоўцы з усёй рэспублікі. Што будуць тут чытаць - гэта тэмы,  якія прысвечаны ў асноўным Слонімшчыне.  Гэта і археалогія, і гісторыя, гэта, канешне, і філалогія".

Прадугледжана і вялікая забаўная праграма. На працягу ўсяго дня адразу на некалькіх музычных пляцоўках можна будзе азнаёміцца з творчасцю народных і самадзейных калектываў Слоніма і ў цэлым Гродзенскай вобласці.