Праваслаўныя цэрквы і капліцы Эстоніі

9 ноября 2015

Выстава фатаграфій сакральнай архітэктуры праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Больш за сто здымкаў прэзентуюць драўляныя і каменныя храмы, якія ўзводзяцца з 17 стагоддзя. Экспазіцыя музея архітэктуры Эстоніі ўпершыню прэзентаваная ў Мінску.

Сюжэт Алены Борматавай.

Аляксандра-Неўскі, Успенскі, Пятра і Паўла - назвы праваслаўных храмаў Эстоніі нічым не адрозніваюцца ад беларускіх сабораў. Асвячэнне прастолаў у гонар праваслаўных святых аднолькавае ва ўсім свеце. Як і ў многіх краінах, сакральныя будынкі Эстоніі ўзводзілі з розных матэрыялаў - сустракаюцца і драўляныя, і мураваныя.

протаіерэй Сергій Лепін, старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы: "Праваслаўныя храмы ў Эстоніі, нягледзячы на свае мясцовыя асаблівасці, нягледзячы на спецыфіку матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся пры іх будаўніцтве, усё роўна захоўваюць агульнаправаслаўныя рысы і ў іканапісе, і ва ўбранні, у канструкцыі храма".

Эстонія - краіна, дзе пражываюць крыху больш за мільён чалавек. Асноўнай рэлігіяй з’яўляецца лютэранства. Праваслаўе прыйшло толькі ў 11-ым стагоддзі. Большасць вясковага насельніцтва гэтую хрысціянскую рэлігію прымае напрыканцы 19-га стагоддзя. Колькасць праваслаўных вернікаў на сёння складае амаль 40%.

Майт Марцінсан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эстоніі ў Беларусі: "Я быў здзіўлены такому светламу падыходу, таму што часам у штодзённым жыцці мы думаем, што тоўстыя сцены гнятуць. Але тут, калі паглядзець на гэтыя цэрквы, гэта цудоўна, яны ўзвышаюць душу".

У экспазіцыі - больш за сто праваслаўных капліц і храмаў. Гарадскіх і сельскіх. Самыя старажытныя датуюцца 17-ым стагоддзем. Ёсць і саборы, узведзеныя ў апошняе дзесяцігоддзе. Дэманструюцца выявы толькі тых цэркваў, дзе і сёння праходзяць службы. Сабор Аляксандра Неўскага ў Таліне пабудаваны ў 1900 годзе на ахвяраванні прыхаджан. У 20-ым стагоддзі тут служыў айцец Міхаіл - бацька Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія.

Нягледзячы на розныя культурныя традыцыі і менталітэт народа, у сакральнай архітэктуры і Беларусі, і Эстоніі шмат агульных рыс. Праваслаўныя храмы і іх духоўнае напаўненне ў абедзвюх краінах адпавядаюць старажытным візантыйскім канонам.

Выявы праваслаўных храмаў дапоўненыя архіўнымі матэрыяламі, вынікамі даследаванняў эстонскіх вучоных-тэолагаў і архіўнымі праектамі духоўнай архітэктуры старажытных дойлідаў.

Алег Рыжкоў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Культавыя будынкі, наша агульная рэлігія, наша агульная вера - яна дапамагае аб'яднацца, як, у прынцыпе, і ў цэлым уся культура. Яна служыць таму, каб народы аб'ядноўваліся на глебе культуры".

Да Мінска фатаграфічная выстава сакральнай архітэктуры прэзентавалася ў сценах Пскоўскага крамля і Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга.