Праваслаўныя хрысціяне сёння адзначаюць Дзень памяці першай беларускай святой - Еўфрасінні Полацкай

5 июня 2017

Галоўныя ўрачыстасці праходзяць у Полацку - у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Яго ў XII стагоддзі заснавала асветніца. Святочныя набажэнствы прайшлі і ў Сафійскім саборы, дзе пачынаўся духоўны шлях прападобнай. Прычым гэта адзіны дзень у годзе, калі пад скляпеннямі помніка архітэктуры праходзіць служба. Удзел ва ўрачыстасцях прыняў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. Мошчам прападобнай пакланілася і Вольга Маслоўская.

Нябесная заступніца Беларусі. Так называюць дачку полацкай зямлі прападобную Еўфрасінню. У манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святой, дзень і ноч гучаць малітвы. Круглы год сюды прыязджаюць паломнікі, каб пакланіцца мошчам прападобнай і папрасіць пра сваё. 5 чэрвеня, у Дзень памяці Еўфрасінні, у Полацку сабраліся тысячы вернікаў. Многія прыехалі здалёк.

Аб першай кананізаванай на Русі жанчыне ведаюць нават за акіянам: імя прападобнай носяць цэрквы ў амерыканскім горадзе Саўт-Рывер і канадскім Таронта. Еўфрасінні - унучцы Усяслава Чарадзея і Уладзіміра Манамаха - прарочылі бліскучую будучыню, але ў 12 гадоў дзяўчына адмовілася ад дынастычнага шлюбу і накіравалася ў манастыр. Жыла ў келлі Сафійскага сабора. Зараз тут музей і толькі адзін раз на год - у Дзень памяці прападобнай – праходзіць літургія.

Ад месца, дзе пачынаўся духоўны шлях Еўфрасінні, бярэ пачатак хрэсны ход. Адначасова людзі выходзяць з усіх цэркваў горада.

Вернікі сустракаюцца і ўжо разам ідуць да галоўнай святыні – манастыра, заснаванага прападобнай. Менавіта там захоўваюца нятленныя мочшы святой.

Аўтамабільны рух у Полацку спынены. Праваслаўныя ўскладаюць кветкі да помнікаў Еўфрасінні Полацкай і святому Мікалаю.

З нагоды ўрачыстасцей на агляд вынесены крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэта дакладная копія таго самага крыжа, які па замове ігуменні Полацкай зрабіў майстар Лазар Богша. Сама рэліквія знікла ў гады вайны. Але да нашых часоў на сценах Свята-Праабражэнскай царквы захаваліся ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя. Праца па іх адкрыцці ідзе больш за дваццаць гадоў.

Яшчэ адзін знакавы артэфакт – актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай – пасля рэстаўрацыі прэзентавалі сёння ў музеі кнігадрукавання. Яе знайшлі два гады таму на тэрыторыі манастыра падчас археалагічных даследаванняў. І калі для гісторыкаў гэта чарговы элемент у гістарычнай мазаіцы, то для вернікаў – знак божай ласкі і сілы веры.