Папаўненне фондаў віцебскага музея-сядзібы Рэпіна "Здраўнёва"

22 февраля 2016

Электронныя копіі рэдкіх дакументаў, лістоў і фатаграфій з дароўнымі надпісамі Іллі Рэпіна папоўнілі фонды віцебскага музея-сядзібы мастака "Здраўнёва". Іх прывезла ўнучка літаратара, архівіста і калекцыянера Аляксандра Жыркевіча. З вядомым рускім жывапісцам Жыркевіча злучала сяброўства, ён тройчы быў у Здравнёве пад Віцебскам і кожную сваю сустрэчу з Рэпіным дэталёва апісваў у дзённіку.

Выхадзец Віцебскай губерні Аляксандр Жыркевіч быў знаёмы і перапісваўся з Львом Талстым, Апанасам Фетам, Іванам Айвазоўскім, Міхаілам Несцеравым. Чатыры з паловай тысячы лістоў, больш як восем тысяч старонак успамінаў і дзённікавых запісаў, некалькі соцень фатаграфій, сабраных Жыркевічам, захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі Льва Мікалаевіча Талстога ў Маскве. Віцебскія музейшчыкі спадзяюцца, што зберажоныя калекцыянерам арыгіналы лістоў Іллі Рэпіна папоўняць і здраўнёўскія фонды.