"Выкраданне правадыра" паводле аповесці О’Генры - у Тэатры юнага гледача

10 сентября 2021

У Тэатры юнага гледача - нетыповы кіднэпінг альбо "Выкраданне правадыра". Легендарны твор амерыканскага пісьменніка О’Генры “Правадыр чырванаскурых” стаў сюжэтам для новай пастаноўкі грузінскага рэжысёра  Дзмітрыя Хвцісіяшвілі. Два махляры выкрадаюць 9-гадовага хлопчыка, сына заможнага гараджаніна, каб патрабаваць за яго выкуп. Аднак хлопчык, які называе сябе правадыром чырванаскурых, настолькі захапляецца прыгодамі, выяўляе моцны характар і шчырую непасрэднасць, што выкрадальнікі мусяць яму падначаліцца. Гумарыстычная аповесць - адзін з апошніх твораў О’Генры, які быў напісаны ў 1907 годзе і стаў адным з самых папулярных у тэатры і кінематографе. 

Для грузінскага рэжысёра гэта не першы вопыт супрацоўніцтва з беларускім ТЮГам. Два гады таму ён паставіў тут меладраму "Я бачу сонца" паводле аднайменнага твора грузінскага пісьменніка Надара Думбадзэ.