Адчуць сябе рыцарамі змогуць балельшчыкі і госці II Еўрапейскіх гульняў

25 апреля 2019
Першую выставу ў рамках вялікай культурнай праграмы форуму прэзентуюць у Мінску ўжо ў пятніцу: у галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца вернісаж, прысвечаны баявым мастацтвам кантынента. Для гасцей падрыхтавалі больш як 700 унікальных прадметаў - ад рэдкіх дакументаў да старажытнай зброі. Сёе-тое можна нават патрымаць у руках!

Зброя - як прадмет мастацтва. Толькі выгляд ручкі гэтага нажа здольны навесці страх на праціўніка: яе ўпрыгожвае малюнак Улада Цэпеша - прататыпа літаратурнага графа Дракулы. 200 не менш унікальных прадметаў узбраення дастаўленыя ў Мінск з італьянскага музея баявых мастацтваў спецыяльна да II  Еўрапейскіх гульняў. Самаму старажытнаму экспанату налічваецца больш як 6 сотняў гадоў.

 Гістарычнае фехтаванне ўвайшло хай не ў спаборніцкую, але ў культурную праграму мультыспартыўнага форуму. Выстава ў галерэі Савіцкага апавядае аб еўрапейскіх баявых мастацтвах - тут і рэканструкцыя кузні, і майстэрня збройніка, і нават пакоі вопытнага заядлага фехтавальшчыка. 

А гэта рэканструкцыя кабінета шляхетнай міланскай сям'і. У такой абстаноўцы майстар Каміла Агрыпа ствараў свае трактаты па фехтаванні. Дарэчы, малюнкі на скрынях гэтай камоды такія ж, як і ў яго кнізе.

Рукапісы майстра ўспрымаліся не толькі як дапамога для вучняў, але і з'яўляліся раскошным падарункам для заможных людзей. Так, самая дарагая кніга экспазіцыі на рынку рарытэтаў ацэньваецца ў 150 тысяч долараў. Выданне "Акадэмія любові"  апісвае ўсе тонкасці майстэрства фехтавання. Біблія бою 17 стагоддзя важыць парадку 10 кілаграмаў - над ёй працавалі 16 аўтараў.

Частка экспанатаў з подпісам: "Вы можаце гэта памацаць". На выставе прадугледжаная так званая інтэрактыўная зала з копіямі старажытнай зброі. Тут турысты і балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў змогуць на некалькі імгненняў адчуць сябе рыцарамі.