Пераможцам "Еўрабачання" стаў прадстаўнік Партугаліі. NaviBand на 17-м месцы

14 мая 2017

Музычная інтрыга года вырашылася. Пераможцам "Еўрабачання" сёлета стаў прадстаўнік Партугаліі Сальвадор Сабрал. NaviBand на 17-м месцы. Упершыню мы выступілі з песняй на беларускай мове. Падрабязнасці ў сюжэце Юрыя Ярошыка.

За 4 гадзіны да аб'яўлення пераможца "Еўрабачання" ў зале дэлегацый уручылі традыцыйную прэмію імя Марселя Безенсона. Яна існуе з 2002 года і яе ўручаюць па выніках галасавання журналістаў, кампазітараў і артыстаў. Лаўрэатамі сталі фаварыты конкурсу - італьянец Франчэска Габані і Сальвадор Сабрал з Партугаліі.

Беларускі гурт NaviBand не застаўся без узнагароды. Брытанская прэса прызнала нумар Беларусі самым стыльным на міжнародным форуме.

Мы атрымалі такую ўзнагароду, і нам вельмі прыемна. Адкрыўся фінал "Еўрабачання-2017" традыцыйным парадам флагаў. Прадстаўнікі 26-ці краін-удзельніц адправіліся на сцэну, пасля чаго вярнуліся ў грымёркі.

Беларускі гурт застаўся ў зале, бо выступаў пад трэцім нумарам.

Разам з беларускай дэлегацыяй песню NaviBand спявалі журналісты Польшчы і Малдовы. Для гледачоў трансляцыі нашы ўдзельнікі падрыхтавалі сюрпрыз напрыкацы нумара.

Зала застыла ў чаканні выступлення фаварытаў конкурсу, на думку букмекераў, - Франчэска Габані і Сальвадора Сабрала. Да апошняга моманту Італія і Партугалія перахоплівалі лідарства па стаўках.

Пераможцам "Еўрабачання-2017" стаў Сальвадор Сабрал. Наступны конкурс пройдзе ў Партугаліі. Беларусь заняла 17 месца, што з'яўляецца другім вынікам у гісторыі ўдзелу ў песенным форуме.