Планы культурных выхадных - у Ларысы Гулякевіч

7 февраля 2020

Сусветная музычная прэм'ера на казку Андэрсена ў Белдзяржфілармоніі, вынікі пленэра ў беларускай сядзібе Рэпіна і новыя экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Планы культурных выхадных - у Ларысы Гулякевіч.
Сусветная прэм'ера беларускага музычнага твора паводле казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена - у Белдзяржфілармоніі. Для дзяцей і дарослых у суботнім цыкле "Класіка – гэта класна!" з Яўгенам Бушковым.
Новы музычны твор сучаснага беларускага кампазітара Любові Кунейкі – вынік даўняй мары дырыжора, вядучага і музыканта Яўгена Бушкова. 
Дзяржаўны камерны аркестр не першы раз супрацоўнічае з кампазітарамі, стварае нешта новае і нестандартнае для дзіцячай аўдыторыі. Музычны твор на неўміручую казку Андэрсена "Брыдкае качаня" дапаўняе дзіцячы хор, чытальнік, пашыраны склад камернага аркестра за кошт разнастайнай палітры ўдарных інструментаў, флейты, валторны і фартэпіяна. 
Незабыўныя ўражанні для маленькіх слухачоў, а таксама іх бацькоў - у суботу а 15 гадзіне на сцэне Белдзяржфілармоніі.
"Класіка і этнамадэрн". У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася персанальная выстава беларускага мастака Віктара Маркаўца. Лірыка і рамантызм – у 30 творах жывапісца.
Цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры, фарміравання і развіцця нацыянальнага стылю былі асноўнымі прыярытэтамі ў творчасці айчыннага майстра. Віктар Маркавец пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. Ён адраджаў традыцыі маляванкі, станковага і прыкладнога жывапісу, працаваў над роспісам цэркваў у Докшыцах, Заслаўе і вёсцы Сітцы. Сёстры - таксама мастачкі - працягваюць справу брата.
Вынікі пленэра ў Здраўнёве, у сядзібе Рэпіна пад Віцебскам, – на міжнароднай выставе ў галерэі Савіцкага. Яна прысвечаная юбілею вялікага мастака.
Выстава "Здраўнёва - у асобах і лёсах" - вынік працы 12 маладых мастакоў з Беларусі, Украіны і Расіі. Пленэр праходзіў мінулым летам. Так маладыя жывапісцы адзначылі 175-годдзе вялікага мастака. На гэты раз канцэпцыяй здраўнёўскага пленэра стала стварэнне партрэтаў жыхароў навакольных вёсак. Разам з імі працавалі літаратары, якія пісалі эсэ пра людзей, адлюстраваных на палотнах. 
Наведайце музейныя экспазіцыі ў Лошыцкай сядзібе, там у суботу музычная праграма "Чатыры стагоддзі натхнення". Прыемных і нясумных выхадных!