Барацьба з маральнымі і фізічнымі бар'ерамі

14 августа 2014
У Баранавічах сустрэліся інваліды-калясачнікі з усёй Беларусі. Гэтымі днямі ў лагеры Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта інваліды-калясачнікі з усёй Беларусі сустрэліся для вырашэння найважнейшага для іх пытання. На жаль, такім пакуль застаецца бесперашкоднае перамяшчэнне ў горадзе.

Сюжэт Святланы Чарновай.


Свой чарговы бронзавы медаль з чэмпіянату свету па танцах на калясках Ганна Гарчакова прывезла з Токіа летась. Гэты медаль стаў 49 узнагародай міжнароднага ўзроўню ў скарбонцы беларускі. Усміхаецца - як бы дзіўна ні гучала, але каляска падарыла ёй спартыўную славу.

Ганна Гарчакова, чэмпіёнка свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках: У мяне выдатны партнёр, цудоўны майстар сваёй справы Ігар Кісялёў. З ім у нас велізарная колькасць дасягненняў. Мы не толькі чэмпіёны свету і двойчы Еўропы, а таксама і пяціразовыя пераможцы і Кубка свету, і кантынентаў - увогуле, шмат узнагарод.

Сёння Ганна Гарчакова сваім прыкладам даказвае, што такія людзі з магчымасцямі - неабмежаванымі. Тут на штогадовым лагеры-семінары па рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў, які сёлета ўпершыню праходзіць пры фінансавай падтрымцы Міністэрства спорту і турызму краіны, яна ўжо не проста ўдзельнік, а прафесійны інструктар.

У гэтым лагеры 30 беларусаў, якія па розных прычынах апынуліся ў калясцы зусім нядаўна. Тут, сярод сваіх, іх называюць курсантамі. І яшчэ 14 вопытных інструктараў - таксама калясачнікаў. Яны дзеляцца з пачаткоўцамі не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і практычнымі: напрыклад, пакажуць, як пераадольваць перашкоды ў горадзе або перасесці з каляскі ў аўтамабіль.

Інструктары, як і студэнты-валанцёры, дапамагаюць калясачнікам абсалютна бясплатна: галоўная ўзнагарода для іх - гэта поспехі пачаткоўцаў. Увесь курс падрыхтоўкі фізічнай і маральнай разлічаны на 10 дзён. Прычым кожны дзень абавязковыя трохразовыя трэніроўкі і лекцыі.

Яўген Шаўко, старшыня цэнтральнага савета Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў: Неабходна чалавеку паказаць, што жыццё ў калясцы такое ж паўнацэннае. Шмат яркіх прыкладаў, калі ў нас курсанты пасля лагераў займалі актыўную жыццёвую пазіцыю, пачалі працаваць, аднаўляліся на вучобе.

Акрамя гэтага, тут усе разам спрабуюць знайсці рашэнне адной з галоўных праблем для ўсіх інвалідаў-калясачнікаў - бесперашкоднае перамяшчэнне па горадзе. З гэтым складанасці, прызнаюцца, усё ж ёсць: гэта высокія бардзюры, крутыя спускі і недастатковая колькасць поручняў і пандусаў.

Яўген Шаўко, старшыня цэнтральнага савета Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў: Тыя сродкі, што расходуюцца на безбар'ернае асяроддзе, маглі б больш эфектыўна выкарыстоўвацца. Трэба будаваць нармальныя вуліцы, з нармальнымі паніжэннямі, каб па іх хадзілі людзі, жанчыны з каляскамі, каб пажылыя людзі хадзілі спакойна. Там і калясачнікі змогуць праехаць.

Сёння ўжо кожны другі сучасны аб'ект інфраструктуры краіны створаны з акцэнтам на так званае безбар'ернае асяроддзе.