"Попельны" хіт прагучаў у Gliwice Arena. Адбылася першая рэпетыцыя Лізы Місніковай

19 ноября 2019
"Попельны" хіт прагучаў у Gliwice Arena. Сёння адбылася першая рэпетыцыя нумара Лізы Місніковай для дзіцячага "Еўрабачання 2019". Наша прадстаўніца выпрабавала пляцоўку, на якой прэзентуе свой нумар міжнароднай аўдыторыі ўжо ў гэтую нядзелю, 24 лістапада, падчас трансляцыі шоу. Як Ліза будзе выглядаць на сцэне міжнароднага песеннага конкурсу, якім убачаць нумар гледачы? 

Рэпартаж нашага ўласнага карэспандэнта ў Глівіцэ Іны Пілевіч.

Ліза і яе балет упершыню прымерылі сцэнічныя касцюмы. У кожнага персанажа  свой вобраз і характар 

Сёння ў Gliwice Arena пачаліся індывідуальныя рэпетыцыі ўдзельнікаў дзіцячага "Еўрабачання 2019". Да гэтага моманту каманда шоу праганяла нумары са статыстамі. Упершыню на конкурснай пляцоўцы пабывала і беларуская дэлегацыя. Наша прадстаўніца Ліза Міснікава змагла некалькі разоў выканаць свой "Попельны" хіт на пляцоўцы.
Знаёмства з пляцоўкай пачалося з delegation bubble. Так называюць зону для дэлегацый. Тут беларуская каманда ўладкавала сваю грымёрку. Ліза і яе балет упершыню прымерылі сцэнічныя касцюмы. У кожнага персанажа свой вобраз і характар. Модныя камбінезоны, штаны-карга, камізэлькі, плашчы. Яны выкананыя ў колеравай гаме, сугучнай з графікай нумара. Дарэчы, для Лізы пашылі адразу 2 уборы. Які заззяе падчас трансляцыі, пакажуць папярэднія здымкі.

Перад выхадам на сцэну - праца з гукарэжысёрам. Індывідуальна пад Лізу наладзілі вушныя маніторы.

40 хвілін і ні секундай больш на рэпетыцыю. Такі рэгламент для ўсіх удзельнікаў

Выступленне артысткі каманда ацэньвала ля манітора ў навушніках - менавіта так, як нумар убачаць і пачуюць журы і гледачы.
Выступленне разабралі па секундах у  пакоі для праглядаў. Менавіта тут каманда змагла выказаць свае пажаданні па здымках нумара.

Галасаванне на дзіцячым "Еўрабачанні-2019" стартуе ў пятніцу 

Наступная рэпетыцыя Лізы прызначана на чацвер. Па яе выніках каманда артысткі выбера частку нумара для паўтору падчас галасавання. А яно ў сваю чаргу адкрыецца ў інтэрнэце ўжо ў пятніцу. На сайце junioreurovision.tv можна будзе падтрымаць ад 3 да 5 фаварытаў, у тым ліку прагаласаваць за прадстаўніцу нашай краіны Лізу Міснікову.