Ацаніць творчую лексіку запрашаюць чатыры выставы ў Палацы мастацтва ў Мінску

19 июля 2022

Адразу чатыры выставы прадстаўляе ў ліпені Палац мастацтва. Куратары прапаноўваюць не зацыкляць маршрут на Мінску, ацаніць і творчую лексіку аўтараў Брэсцкай і Магілёўскай мастацкіх школ у жывапісе, графіцы, скульптуры і гарачай эмалі. Зрабіць выбар "Паміж белым і чорным", які немагчымы без паўтонаў, эстэтаў правакуе жывапісец Анатоль Кузняцоў. З аўтара-класіка перакваліфікаваўся ў 80-х, кінуў выклік Саветам і стаў удзельнікам знакамітай "Няміга 17", наватара на радарах нефігуратыўнага мастацтва. На Казлова, 3 майстар пэндзля рэзюмуе свае 75.

Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:  

Калі, напрыклад, глядач прыйдзе на экспазіцыю Кузняцова, Анатоля Кузняцова, у якога, дарэчы, таксама юбілей, які прысвяціў сваё жыццё менавіта творчасці, у асноўным такога авангардна беспрадметнага характару, то, відаць, гэта будзе самая складаная экспазіцыя. Таму што яму давядзецца паглыбіцца менавіта у хаос, у спляценне нейкіх ліній. І сярод гэтых ліній, каляровых плям знайсці тую тэму, якую хацеў паказаць мастак. Мастак хацеў выказаць жыццё чалавека і сваё разуменне філасофіі менавіта праз колеравую філасофію.

Сацрэалістычныя ракурсы за юбілярам Альгердам Малішэўскім. Да 100-годдзя аўтара, які тры дзесяцігоддзі служыў Глебаўцы,  экспануюць яго палотны з фондавай калекцыі Беларускага саюза мастакоў і асабістага збору сям'і аўтара. Ва ўнісон настаўніку - творчыя выказванні выхаванцаў.