Аркестр Белтэлерадыёкампаніі і піяністка Юліяна Д'Агасціні сыгралі ў Доме радыё

26 февраля 2015

Белтэлерадыёкампанія замацоўвае лацінаамерыканскі вектар у музыцы. У Доме радыё прайшла творчая сустрэча аркестра найбуйнейшага медыяхолдынга краіны і вядомай бразільскай піяністкі Юліяны Д'Агасціні. Музыканты далі сумесны канцэрт, які трансліраваўся ў прамым эфіры Беларускага радыё. Культурны тандэм ацаніла Наталля Бардзілоўская.

“Самыя доўгія пальцы Бразіліі” - так называюць Юліяну на Радзіме. Піяністка са знешнасцю мадэлі - самая папулярная з лацінаамерыканскіх музыкантаў акадэмічнага кірунку. Яна грае сусветную класіку і ўмее паднесці яе сучасна. Дзяўчына запісала некалькі дыскаў - у яе падачы творы Моцарта, Шапена і Ліста разыходзяцца па калекцыях сусветных меламанаў.

Прадстаўніца паўднёва-заходняга рэгіёна Бразіліі сваю музычную адукацыю Юліяна Д'Агасціні пачынала ў родным Сан-Паулу. Потым – Еўропа, нацыянальная кансерваторыя Страсбурга, Бостан і Нью-Йорк. У 2013 годзе піяністка – першая з бразільянак прайшла адбор у міжнародную групу артыстаў Японіі.

Бразільскую выканаўцу Мінск чуе ўпершыню. Яе выступленне – ангажэмент у Беларусь ад лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сымона Балівара.

З лацінаамерыканскім цэнтрам аркестр медыяхолдынга супрацоўнічае ўжо пяць сезонаў. Ёсць вопыт канцэртаў з венесуэльскімі, балівійскімі, эквадорскімі музыкантамі.

Херарда Эстрада, першы сакратар пасольства Венесуэлы ў Беларусі: “Як заўсёды, наш цэнтр пры пасрэдніцтве пасольства Венесуэлы прадаўжае звязваць народы праз культуру, праз музыку. Да 5 сакавіка мы рыхтуем яшчэ адзін канцэрт - тандэм лацінаамерыканскіх і беларускіх музыкантаў”.

Юліяна Д’Агасціні, лаўрэат міжнародных конкурсаў (Бразілія): “Я ўпершыню граю з беларускімі музыкантамі, але чула пра іх высокі прафесійны ўзровень і традыцыі. Мне здаецца, што ў нас з вамі шмат агульнага – той жа тэмперамент і эмацыянальнасць, тая ж любоў да сапраўднага мастацтва”.

Дваццаты канцэрт Моцарта, сёмая сімфонія Бетховена і “Сумны вальс” Сібеліуса – у бразільска-беларускім канцэрце толькі класіка і ніводнага аўтэнтычнага бразільскага матыву. Канцэрт трансліраваўся ў эфіры на вялікую аўдыторыю Беларускага радыё.