Зноў закруціўся “Млын”

16 декабря 2016

Калядны кірмаш аўтарскіх работ ручной працы  разгарнуўся ў Нацыянальным выставачным цэнтры. Адразу на двух паверхах свае вырабы прапануюць  700 майстроў -  рэкордная колькасць.  З кожнага рэгіёна Беларусі – свой аўтэнтычны напрамак.

Трэнд гэтага сезона – выкарыстанне натуральных матэрыялаў. Надзея Сербіненка  таксама пазнаёмілася з народнымі ўмельцамі.

У руках Яўгена Лукашэвіча – майстра-лялечніка – дрэва нібыта ажывае. Таму і атрымліваюцца яго лялькі накшталт Бураціна. Аўтар можа настолькі па-майстэрску апрацаваць ліпу, што яна пачынае нагадваць белы мармур.  

Яшчэ адзін майстар па дрэве, але з больш аб'ёмнымі працамі  прадстаўляе Гродзенскую вобласць. Ён стварае качалкі для дзяцей. Лічыцца, што першы конь-качалка з'явіўся яшчэ ў V стагоддзі ў Грэцыі, але ў тыя часы цацку маглі сабе дазволіць толькі заможныя сем'і. Сёння міні-арэлі зноў вяртаюцца ў штодзённы ўжытак.

 

Атмасфера Новага года адразу адчуваецца на выставе. У павільёнах мноства дэкаратыўных ёлак з прыродных матэрыялаў, а таксама падсвечнікаў і вянкоў. Паўсюль  і сімвал 2017 – чырвоны Певень.

   

«Млын» з кожным годам збірае ўсё большую колькасць беларускіх рамеснікаў і майстроў. Калі летась удзельнікаў было амаль 500, то сёлета –  на 200 больш. 

Кірмаш аўтарскіх работ будзе адкрыты яшчэ тры дні. Набыць цацкі на навагоднюю ёлку, аўтарскае адзенне, аксесуары, карціны і нават дызайнерскую мэблю можна з 11:00 да 20:00 у БелЭкспа.