Оперны спявак Алесандра Сафіна дасць канцэрт у Мінску

19 марта 2015

На яго рахунку пяць альбомаў. Яго голасам захапляюцца, а квіткі на канцэрты раскупляюць задоўга да выступаў. Сусветна вядомы оперны спявак Алесандра Сафіна ўжо заўтра дасць канцэрт у Мінску. Італьянскі тэнар выступіць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Дарэчы, гэта не першы сумесны італьянска-беларускі праект. З мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Віктарам Бабарыкіным Алесандра Сафіна адпрацаваў больш за дваццаць канцэртаў. Для беларускай публікі прагучаць творы з уласных альбомаў італьянскага спевака, а таксама класіка.

Алесандра Сафіна, оперны спявак:

"Я хачу адзначыць, што беларуская публіка падобная да публікі Паўднёвай Італіі. Яна адкрытая і шчырая. Заўсёды сустракае вельмі цёпла. Падчас канцэртаў гучаць бурныя апладысменты. Мне прыемна тут выступаць. Спадзяюся, што на заўтрашнім канцэрце гледачы атрымаюць незабыўныя ўражанні".

Сёння Алесандра Сафіна вольны час прысвяціў адпачынку. У Мінску, дарэчы, у спевака ўжо ёсць упадабаныя месцы, дзе заўжды прыемна прагуляцца.