Новы тэатральны сезон у новым будынку

25 ноября 2014

Сталічны Маладзёжны тэатр распачаў свой трыццаты сезон у адноўленым памяшканні. У камфортнай зале на 300 месцаў гледачы ўбачаць і тры новыя пастаноўкі. Як зараз выглядае Маладзёжны, і якія прэм'еры чакаюць сталічнага гледача? Марына Мураўёва завітала ў закуліссе.


15 гадоў актрыса Наталля Анішчанка прысвяціла Маладзёжнаму тэатру. Напачатку яе кар'еры трупа не мела пастаяннай сцэны і свайго ўласнага будынка. І таму ўсе ўспаміны артысткі звязаны з вандраваннямі ад адной сцэнічнай пляцоўкі да другой.


Вось у такіх умовах у 1986-м Маладзёжны распачаў свой першы тэатральны сезон. Спачатку было памяшканне клуба імя Дзяржынскага. Потым трупе дала прытулак Белдзяржфілармонія. Вясной 1994-га, пасля працяглай рэканструкцыі, пераехалі ў былы кінатэатр Спартак. І вось зараз свой юбілейны, 30-ы, сезон тэатр адкрывае ва ўласным будынку.


Пастаянную прапіску Маладзёжны атрымаў у цэнтры горада, на вуліцы Казлова. На трох паверхах размешчаны вялікая бутафорская, слясарныя майстэрні, дзе вырабляюць дэкарацыі, швейны цэх, 20 грымёрных. Вялікі плюс для трупы тэатра - кожная з іх разлічана толькі на двух акцёраў.


Больш утульным новы будынак стаў і для сваіх гледачоў - прасторны буфет, глядзельная зала на 300 месцаў. Ёсць і малая зала для монаспектакляў. Інфраструктура разлічана і на людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх - пандусы на ўваходзе і пад'ёмнікі ў фае тэатра.


У новым будынку, напярэдадні навагодніх свят, сталічнага гледача чакаюць тры прэм'еры. Харэаграфічная пастаноўка пластычнага спектакля Прадметная размова. Для маленькіх гледачоў - казка Пунсовенькая кветачка. А для аматараў старой добрай класікі - пастаноўка расійскага рэжысёра Іскандэра Сакаева Чэхаў. Камедыя. Чайка.


Сёння Маладзёжны тэатр паспяхова выступае не толькі на радзіме, а і на замежных тэатральных падмостках. Германія, Францыя, Егіпет… Гастрольная карта з кожным годам толькі пашыраецца.