Новы шрыфт на базе почырку Янкі Купалы стварылі беларускія дызайнеры

19 марта 2015

Прычым працавала цэлая каманда некалькі месяцаў. Ужо сёння шрыфт "Пясняр" можна спампаваць у Інтэрнэце абсалютна бясплатна. Знаходкай мастакоў падчас падрыхтоўкі гэтага рэпартажу скарысталася і наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч.

Дызайнер Павел Мінкевіч не ўтойвае амбіцыйных намераў – заўсёды хацеў зрабіць для беларускай культуры ўвогуле і беларускага дызайну ў прыватнасці нешта адметнае. Ідэя наконт новага шрыфту на базе почырку Янкі Купалы падалася крэатыўнай.

Над шрыфтам працавала цэлая каманда: музейныя работнікі, дызайнеры, праграмісты, каардынатары і нават рэжысёр. На ўсё пра ўсё энтузіястам спатрэбілася некалькі месяцаў.

Вось гэта – ксеракопія сапраўднага ліста Янкі Купалы “даражэнькаму Кастусю” за 1930 год. Падчас работы дызайнеры прааналізавалі з дзясятак такіх дакументаў за розныя гады. Асаблівасці напісання літар менавіта рукой Янкі Купалы леглі ў аснову распрацоўкі.

Почырк вядомага паэта вельмі адметны. Графолаг Наталля Быкоўская па некаторых прыкметах – націску, наклоне літар, наяўнасці штрыхоў, росчыркаў - за 72 гадзіны прааналізавала… характар беларускага песняра.

Падчас прэзентацыі новага шрыфта, вядома ж, чыталі вершы Купалы і дзяліліся фактамі, пра якія нельга даведацца з падручнікаў па беларускай літаратуры.

Спампаваць гэты шрыфт можна ў Сетцы абсалютна бясплатна. Дызайнеры спадзяюцца, што хутка па гэтым шрыфце рэспандэнты па ўсім свеце будуць разумець: прыйшоў ліст з Беларусі.