Новы маршрут старажытнага замка Нясвіж - у Сусветную ноч музеяў

15 мая 2016

У ноч на нядзелю свет адзначыў Ноч музеяў. У гонар такой падзеі Палац Радзівілаў вырашыў раскрыць свае таямніцы. Упершыню наведвальнікі змаглі прайсці па новым маршруце старажытнага замка. Гасцям комплексу прапанавалі акунуцца ў гістарычную эпоху Вялікага княства Літоўскага і паўдзельнічаць у інтэрактыўным лабірынце.

Свята пачалося ў Нясвіжскай ратушы. Паводле сцэнарыя, дзеянне перанеслася ў XVIII стагоддзе - гады кіравання Радзівіла Міхаіла Казіміра - Рыбанькі. Гасцей сустрэў вялікі князь і яго жонка Уршула Радзівіл. Наведвальнікаў чакаў сапраўдны суд, гучная справа ў прысутнасці магістрата і бурмістра. Трапіць можна было і ў вялікакняжацкую казну. Пасля заканчэння праграмы па Магдэбурскім праве ў склад нясвіжскіх мяшчан былі залічаны ўсе ўдзельнікі інтэрактыўнага мерапрыемства.

Пасля музейная ноч перанеслася ў Нясвіжскі палац. Каб трапіць у дружыну да князя, гасцям прапанавалі прайсці лабірынт - своеасаблівую прыгодніцкую гульню, якая ўяўляе сабой тры шляхі. Па іх неабходна прайсці і выканаць розныя заданні: здзівіць пілігрымаў, пазмагацца з гусарамі і згуляць на тулумбасах. Толькі так можна аказацца ў замку.

Да гэтага моманту сюды мелі права ўваходзіць толькі рэстаўратары. Цяпер палацавы тунэль XVI стагоддзя даступны для ўдзельнікаў квэсту. Першапачаткова ён служыў своеасаблівым калідорам для хрэснага хода.

Завяршальным акордам гістарычнага лабірынта, легенды мінулага, стаў Нясвіжскі палацавы баль. У тэатралізаваным паказе ўдзел узялі тэатры гістарычнага касцюма, рыцарскія клубы.