Некалькі гадзін застаецца да адкрыцця кінафестывалю "Лістапад-2017"

3 ноября 2017

Некалькі гадзін застаецца да адкрыцця самай доўгачаканай падзеі кінаманаў - "Лістапада-2017". Сярод карцін Мінскага міжнароднага кінафестывалю - 13 стужак, якія ўвайшлі ў лонг-ліст прэміі "Оскар". Усяго ў форуме возьме ўдзел 164 фільмы з 55 краін.

Расказвае Вольга Мядзведзь. Сёлета забраць "Лістапад" з сабой зможа кожны. Упершыню Мінскі міжнародны кінафестываль выпускае сваю брэндавую калекцыю. Лістападная серыя абмежаваная – усяго некалькі сотняў адзінак. З першым фільмам самай доўгачаканай падзеі кінаманаў адкрыецца і сувенірная крама, пляцоўкай для якой стане кінатэатр "Цэнтральны".

Лімітаваную калекцыю «Лістапад-2017» рэалізавалі дзякуючы папулярнаму руху - краўдфандынгу - масаваму добраахвотнаму фінансаванню. Дызайн распрацавалі спецыяльна для першай лістападнай крамы, у афармленні перайначаная сімволіка дваццаць чацвёртага фестывалю.

У гэтыя хвіліны ўдзельнікі і VIP-гледачы кінамарафону прыбываюць у сталіцу. Больш за сотню прафесійных дэлегатаў збяруцца на мінскую кінавосень. Чырвоную дарожку адкрыцця сваім прыездам упрыгожаць народны артыст Расіі Уладзімір Мяньшоў і савецкая актрыса, рэжысёр Аляксандра Якаўлева. Хіты прэстыжных сусветных фестываляў, арт-хаўсныя дэбюты, дакументалістыка; у попыце таксама кіно на 360 градусаў. З’явіцца на экранах і класіка сінематографа ў новым гучанні.

Да 24-га сезона ўнеслі карэктывы ў прызавы фонд. Сёлета "Лістапад" застанецца без лепшых выканаўцаў роляў другога плану. Нароўні з традыцыйнымі фестывальнымі тытуламі сваю ўзнагароду ўручыць міжнароднае журы кінапрэсы ФІПРЭСІ за лепшы дэбют у намінацыі «Фільм як з'ява мастацтва».