Невядомыя партрэты народных паэтаў БССР выставілі ў Мінску

7 декабря 2015

Купала і Колас вярнуліся на радзіму са Злучаных Штатаў Амерыкі. Невядомыя партрэты народных паэтаў БССР выставілі ў Мінску. Аўтарства палотнаў належыць Мікалаю Тарасікаву - графіку і жывапісцу савецкай эпохі. Як творы майства апынуліся за акіянам, рэпартаж Іны Пілевіч.

Навіна пра трагічную смерць Янкі Купалы заспела яго на фронце. Мастак Мікалай Тарасікаў на эмоцыях піша партрэт народнага паэта. У ваенных умовах пра палатно і фарбу не магло быць гаворкі. Творца выкарыстоўвае дэфіцытныя паперу, туш і крэйду для стварэння вобраза класіка.

Гэтыя партрэты беларускіх песняроў Купалы і Коласа экспануюцца ўпершыню. Пасля смерці Мікалая Тарасікава яго работы апынуліся ў прамым сэнсе на вуліцы. Сярод сметніка палотны знайшлі і выратавалі студэнты. Затым творы трапілі ў рукі калекцыянераў, якія вывезлі іх у Злучаныя Штаты Амерыкі. На радзіму дзясяткі работ Тарасікава вярнуліся дзякуючы беларускім прыватным збіральнікам. Адзін з іх Ігар Бархаткоў – прадстаўнік знакамітай дынастыі мастакоў.

Непрызнаны геній – тайны статус Мікалая Тарасікава. Адзін з першых беларускіх мастакоў-імпрэсіяністаў быў апанентам афіцыйнаму мастацтву. Гэта і стала прычынай адсутнасці заказаў і незапатрабаванасці. Хаця за плячамі майстра акадэмічная адукацыя - школа Віцебскага мастацкага тэхнікума, Адэскі і Кіеўскі мастацкія інстытуты.

Творца, а не шпіён. У 1927 годзе Мікалай Тарасікаў атрымаў вось гэтае пасведчанне Усебеларускага аб'яднання мастакоў. Дакумент дазваляў падарожнічаць па БССР і рабіць замалёўкі, для таго каб ніхто не перашкаджаў маляваць з натуры.

Замалёўкі, пейзажы, партрэты, эскізы дэкарацый да спектакляў. Сярод пяці соцень экспанатаў і экслібрысы. Кніжныя знакі рабіў толькі для тых людзей, каго добра ведаў і цаніў, - Броўкі, Коласа, Купалы.

Гэта першы вернісаж Мікалая Тарасікава за апошнія паўстагоддзя ў сценах музея Янкі Купалы.