Невядомыя фатаграфіі Мулявіна ў галерэі "Універсітэт культуры"

26 февраля 2016

Мулявін, якім мы яго не ведалі. Невядомыя фатаграфіі знакамітага песняра ў галерэі "Універсітэт культуры". Закуліссе гастрольнага жыцця легендарнага ВІА "Пясняры" і нават фотаадкрыцці ў партрэтах фарматам метр на паўтара. Эксклюзіўныя кадры ўбачыла і Ніна Мажэйка.

Ён заўсёды застаецца за кадрам. Але не гэтым разам. Праз аб'ектыў Юрыя Іванова, у прамым сэнсе, глядзеў увесь свет. Удалыя ракурсы ён знаходзіў і для сапраўдных легенд, сваіх сучаснікаў. Не выключэнне і Уладзімір Мулявін. Пропуск у асабістую прастору, які атрымліваў не кожны. Фотарэпарцёр суправаджаў калектыў на гастролях у Гомелі, у Маскве, на славутых рэпетыцыях, куды Мулявін не пускаў старонніх. З часам асабісты фотарэпарцёр і знакаміты пясняр перайшлі на ты.

Гаворка ідзе пра гэты партрэт Уладзіміра Мулявіна 99-га года. Выпадковы кадр, але ў ім песняроўская глыбіня. Такіх удалых момантаў тут 20.

"Песняры" на тройцы. Цікавая гісторыя гэтага шырокафарматнага фота, якое не знойдзеш у Сетцы. Здымалі зімой ў Мсціславе. Мясцовы конезавод даў коней-цяжкавагавікоў спецыяльна для здымкі. Як высветлілася потым, з рызыкай для жыцця.

Той самы кадр - тройка - на стале ў Юрыя Сяргеевіча сярод сотні негатываў. Яшчэ тысячы ў асабістых архівах фотарэпарцёра.

Альянс фатографа і музыканта выліўся ў песню. Вершы, напісаныя Юрыем Івановым для фільма аб чыгуначніках, Мулявін зрабіў завершаным творам. Гэтыя кадры тэлегледачы першай кнопкі бачаць упершыню. У прафесіяналаў узроўню "Пясняроў" была аматарская студыя - памяшканне ў спецшколе для глухіх і тых, хто слаба чуе, у Севастопальскім парку. Першая і адзіная рэпетыцыйная база ў калектыва з'явілася толькі ў новай Беларусі.

Пад кожным з фотапано - імя майстра і год фіксацыі рэальнасці. Сучаснасць мінулых дзесяцігоддзяў ператварылася ў мінулае з аўтографам майстра.