Невядомае палатно Яна Дамеля хутка будзе выстаўленае на суд публікі

30 мая 2016

Сенсацыя ў Год культуры! Нацыянальны мастацкі музей Беларусі заявіў аб прэзентацыі знаходкі. Невядомае палатно Яна Дамеля хутка будзе выстаўленае на суд публікі і зойме сваё месца ў пастаяннай экспазіцыі музея. Работа пачатку ХІХ стагоддзя, якую еўрапейскі класік пісаў у Мінску і лічыў сваім лепшым палатном, праляжала забытая дзесяцігоддзі. І вось новыя магчымасці рэстаўрацыйных майстэрань ажыўляюць шэдэўр.

Знаходку ўжо ўбачыла Наталля Бардзілоўская. Сваім Яна Дамеля лічаць адразу некалькі краін. Мастак нарадзіўся ў эпоху Рэчы Паспалітай на тэрыторыі сучаснай Латвіі. Навучаўся​, потым выкладаў у Вільні. Але апошнія гады жыцця правёў у Мінску, тут жа быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Большасць сваіх работ Дамель і прысвяціў беларускай сталіцы, але падчас Вялікай Айчыннай вайны яны былі страчаныя. Сёння Беларусь можа пахваліцца толькі трыма карцінамі майстра. Адна з іх у Нацыянальным мастацкім музеі, другая - у доме-музее Ваньковіча, трэцяе палатно - у вёсцы Вішнева Гомельскай вобласці.

Да гэтага часу Нацыянальны мастацкі экспанаваў толькі адзінага Дамеля. "Прарочыца Сівіла" ў савецкія часы пазначалася як работа безыменнага аўтара. На прыканцы 80-х усё змяніла кніга Уладзіслава Сыракомлі - паэт-краязнавец ўказаў мастацтвазнаўцам почырк Дамеля і назваў рэальную асобу жанчыны з палатна "Святая Канстанцыя".

Між іншым Сыракомля апісваў яшчэ адну карціну. Мінская Кальварыя і касцёл, пад алтаром якога пахаваны Дамель. Над алтаром палатно: Ісус у Гефсіманскім садзе моліць аб Чашы. Сам мастак лічыў работу лепшай, таму і завяшчаў быць пахаваным побач з ёй. Карціна-помнік заўсёды знаходзілася ў храме. У савецкі час, калі касцёл закрылі, вісела на рулоне, без падрамніка, псавалася.

Яшчэ да 80-х у рамках дзяржаўнай праграмы "Выратаванне каштоўнасцяў" навуковая экспедыцыя перадала работу з касцёла ў мастацкі музей. І толькі сёлета палатно пачалі "ажыўляць".

Для палатна памерам амаль 3 на 3 метры спецыяльны вакуумны стол з ідэальным нацягваннем. Сучасная тэхналогія замацавання фарбавага слоя. Прэзентацыю "новага Дамеля" спецыялісты рыхтуюць да завяршэння Года культуры.

"Маленне аб Чашы" ці "Маленне Збавіцеля" Дамеля - работа, характэрная для віленскага класіцызму. Біблейскі сюжэт у рэалістычнай манеры. Дамель - мастак, які жыў і ствараў на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў. Час Рэнесансу на нашых землях.