Нацыянальны мастацкі музей шукае двайнікоў

22 января 2014
Нацыянальны мастацкі музей шукае двайнікоў найсвятлейшай княгіні Ганны Аляксееўны, графіню Марыю Шарамецьеву і даму ў чырвоным. Спецыяльная экспазіцыя партрэтаў Сведкі часу з фондаў музея і вылілася ў фотаконкурс на лепшую атмасферную працу. Дамам і кавалерам прапануецца не проста ўзнавіць выяву, дэталёва прапрацаваную мастакамі, але і паўтарыць настрой выбранага героя.

Як можна ажывіць карціну, ведае Ніна Мажэйка.


Палотны, якія не ўбачыш у пастаяннай экспазіцыі. Рокатаўскае ракако, рамантызм Трапініна, рэалістычныя паўтоны нашага земляка Заранкі… Героі іх партрэтаў могуць стаць рэальнымі прататыпамі Сведак часу. Трэба толькі, як гаворыцца, увайсці ў вобраз.

Здзівіць высокае журы няпроста. Апроч знешняга падабенства з героем партрэта вобраз павінен адпавядаць эпосе арыгінала. Умераны класіцызм, вытанчаны рамантызм. Дарэчы, неабавязкова зацягвацца ў гарсаж. Можна абысціся грымам і аксесуарамі, што адпавядаюць сюжэту карціны.

Ацэньваць фотаработы будуць высокашаноўныя куратары экспазіцыі і асабіста дырэктар музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў. Даслаць фатаграфіі трэба да 28 лютага на электронны адрас музея. Усе працы павінны быць у фармаце JPG.



Дзіяна Шантар, загадчыца сектара маркетынгу аддзела навукова-асветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея: Мы атрымалі вельмі цікавы, кранальны ліст ад нашай пастаяннай наведвальніцы. Яна напісала нам, што ці можа яна прыняць удзел у конкурсе, бо яе бацька вельмі падобны на героя карціны Пярова, якая вісіць у нас у пастаяннай экспазіцыі. На жаль, яна піша, што бацькі няма ўжо ў жывых больш за 30 гадоў, але яна пастаянна прыходзіць да нас у музей, падыходзіць да гэтай карціны, як на сустрэчу са сваім бацькам. І просіць дазволу даслаць гэтую фатаграфію, хоць гэта старая фатаграфія, і паўдзельнічаць у конкурсе. На жаль, гэта карціна не ўвайшла ў экспазіцыю выставы Сведкі часу, бо яна вісіць у пастаяннай экспазіцыі, але я думаю, што члены журы не застануцца абыякавымі да гэтай гісторыі. Вядома, мы прымем яе заяўку і фота і адзначым яе нейкім спецыяльным прызам.

Выбіраць, дарэчы, ёсць з чаго. Партрэты размясцілі ў трох залах на першым паверсе музея. 87 партрэтаў 40 майстроў, кожная з якіх - прызнаны шэдэўр.

Юлія Лісай, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея, куратар выставы: Партрэт адбыўся тады, калі мастаку ўдаецца знайсці вось гэта ўнутры. Вось гэту ўнутраную кампаненту. Па сутнасці, нас саміх, таму што мы - гэта не наша знешнасць, а мы гэта тое, што вось там. І як правіла, самі мы ўсе ведаем, нашы фатаграфіі на пашпарт - гэта зусім не тое, кім мы з'яўляемся. Вось гэты стан такі.

Ажыўляць карціны ўвайшло ў моду ўжо даўно. Фатографы-пачаткоўцы часта практыкуюцца на падобных заданнях. Узяць партрэт, напрыклад, эпохі Рэнесансу і зрабіць сучасную копію. Мікіта Бязрукаў - усёедны фатограф. За яго плечамі здымкі не толькі партрэтаў людзей, але і ежы. 4 гады таму малады чалавек паўдзельнічаў у праекце беларускага мастака Андрэя Смаляка і асабіста ажыўляў карціны.

Мікіта Бязрукаў, фатограф: Не трэба шмат нейкіх спецсродкаў. Трэба проста жаданне для пачатку. Гэта не павінна быць у ідэале пападанне па колькасці валасінак, па колеры тканіны. Гэта павінен быць вобраз. Выява, якая перадае, выклікае тое ж адчуванне, што карціна. Таму што можна дэталёва атрымаць вельмі падобную тэхнічна карціну, а вось выклікаць у гледача такія ж уражанні, такія ж эмоцыі, мне здаецца, вось гэта вышэйшы пілатаж.

Пераможцаў узнагародзяць 2 сакавіка. Урачыста. Лепшаму ўручаць VIP-карту пастаяннага наведвальніка музея, а таксама ён атрымае магчымасць апублікаваць свае працы ў адным з выданняў. Галоўнае - не прапусціць свой шанц.