Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прадэманстраваў шэдэўры пейзажнага жывапісу са сваіх фондаў

20 марта 2015

Беларускія краявіды - на палотнах сучаснікаў Шышкіна, Левітана, Айвазоўскага. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прадэманстраваў шэдэўры пейзажнага жывапісу са сваіх фондаў. Працы, якія вельмі рэдка пакідалі запаснікі, усё ж паўсталі для агляду публікі.

Алена Борматава ў класічных творах разглядала беларускую прыроду. Сучаснікі карыфеяў – менавіта так назвалі экспазіцыю з маштабнага праекта Нацмузея – “Нашы калекцыі”. Дзясяткі палотнаў, якія амаль ніколі не выстаўляліся. Імёны аўтараў вядомыя хіба толькі прафесіяналам. Між тым, мастакі жылі, вучыліся і працавалі ў адзін час з сусветна вядомымі – Рэпіным, Айвазоўскім, Саўрасавым. І разам фарміравалі мастацкі кантэкст эпохі.

У пяці залах, дзе паказаны рускі акадэмічны класічны жывапіс, немагчыма выставіць усю калекцыю цалкам. Таму многае са спадчыны і прыходзіцца дэманстраваць толькі на часовых экспазіцыях. Зараз адышлі ад стандартаў і музейных клішэ для паказу пейзажу другой паловы 19-га стагоддзя. Тут няма ні Шышкіна, ні Куінджы, ні Левітана. Іх дастаткова ў пастаяннай экспазіцыі.

Дзясяткі мастацкіх імёнаў, без якіх немагчыма ўявіць мастацтва таго часу. Усе выпускнікі Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў і Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Уваходзілі ў Таварыства перасовачных мастацкіх выстаў. Сярод іх і ўраджэнцы Беларусі – Апалінарый Гараўскі і Фёдар Ясноўскі. Некаторыя – такія, як Шышкін, працавалі ў нашых краях. На палатне Атрыганьева – краявіды ракі Асцёр – Магілёўшчына.

Карціны, якія на час выставы пакінулі запаснікі, калекцыю рускага жывапісу Нацыянальнага мастацкага папоўнілі ў час дырэктарства Алены Аладавай. Менавіта яна мела талент не толькі знаходзіць, але і пераконваць калекцыянераў, што іх работы павінны знаходзіцца ў музейных залах. Так у нас з’явіліся не толькі Левітан і Шышкін, але і дзясяткі іншых імёнаў – сучаснікаў карыфеяў. Па колькасці імёнаў творцаў у беларускай калекцыі наш музей называлі другой Траццякоўскай.

Многія з выстаўленых мастакоў самі былі педагогамі і перадавалі сваё майстэрства творцам ужо 20-га стагоддзя. Дарэчы, перад экспазіцыяй ніякіх глабальных рэстаўрацыйных работ не праводзілі. Палотны вельмі добра захаваныя.