Нацыянальны мастацкі музей Беларусі перажывае бум дароў

15 марта 2018

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі перажывае бум дароў. 2018 год толькі пачаўся, а ўстанова ўзбагаціла свае фонды за кошт дарэнняў прыватных калекцыянераў і проста звычайных жыхароў-дабрачынцаў. Дзясятак твораў мастацтва ад мецэната з Манака Георгія Хацанкова, вясельны куфар 17 стагоддзя ад калекцыянера Яўгена Хмяльніцкага, рэдкія экспанаты ад еўрапейскіх дыпламатаў. І вось зусім незвычайны падарунак. Праваслаўная ікона пачатку 19 стагоддзя - шэдэўр рускай школы - з сямейнай калекцыі нашых суайчыннікаў перавандравала ў музейную калекцыю.

Наталля Бардзілоўская – больш падрабязна. Дарыльшчык - звычайны мінчанін, пенсіянер, які пажадаў застацца невядомым. Сам вернік, але ікону доўгі час трымаў у шафе. Памеры абраза - 98 на 108 сантыметраў - літаральна не дазвалялі ўпісацца ў хатні інтэр'ер. Чалавек запрасіў да сябе спецыялістаў-музейшчыкаў і бескарысліва аддаў рэліквію.

Гэта другі ці трэці такі выпадак за ўсю амаль 80-гадовую гісторыю музея - калі чалавек бясплатна аддае твор. Назавём усё ж імя - Аляксандр Малярэвіч, сам прафесійны дэкаратар-манументаліст ведаў і мастацкую, і гістарычную каштоўнасць сваёй уласнасці, але палічыў - іконе месца ў музеі, адкрытым для людзей. Менш чым тыдзень - і абраз з'явіцца ў экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва, хаця па паходжанні ён з Расіі.

Напісаная тэмперай на дошцы - сёння ікона на рэстаўрацыйным стале. Пару тыдняў таму паступіла ў аварыйным стане: дошка была расколатая, асыпаўся фарбавы слой.

Спецыяліст-рэстаўратар змацаваў драўляныя часткі, склеіў расколіны, утрымаў фарбу, зандзіраваў тыя найноўшыя напластаванні, якімі пазней за аўтара пакрывалі выяву.

Для канчатковай рэстаўрацыі іконы спатрэбіцца амаль год. Але менш чым праз тыдзень абраз хоць часова, але будзе прэзентаваны. Першы паказ іконы музейшчыкі прымяркуюць да дня нараджэння Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Уладыкі Філарэта. На імпрэзу запросяць і самога дарыльшчыка.

Сярод каштоўнасцяў, пра якія ўжо ведае і якіх чакае музей, некалькі карцін нашых суайчыннікаў-эмігрантаў, прадстаўнікоў Парыжскай школы Восіпа Любіча і Надзеі Лежэ.