Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адзначае юбілей

15 августа 2014

Акрамя таго, што сёлета самому музею 75, тут арганізаваная выстава ўсіх мастакоў - юбіляраў гэтага года: жывапісцаў, скульптараў, манументалістаў і прыкладнікаў.


Алена Борматава - пра юбілейную экспазіцыю.


88 мастакоў і 181 работа. Прадметаў значна больш. Бо некаторыя творы, як, напрыклад, фарфоравыя сервізы, складаюцца з некалькіх рэчаў. Жывапіс, графіка, батык, скульптура ўвайшлі ў Раку часу - агульную экспазіцыю ўсіх сёлетніх мастакоў-юбіляраў. Каб уявіць агульную карціну творчага характару кожнага паасобку, спатрэбілася адразу чатыры экспазіцыйныя прасторы на розных музейных паверхах і галерэях.


Па сутнасці, маштабная юбілейная выстава - гэта анталогія беларускага мастацтва адразу некалькіх стагоддзяў. Тут творы мастакоў, якіх мы завем сучаснікамі, ім толькі па шэсцьдзесят. І побач карціны патрыярхаў нацыянальнай школы, палотны якіх - гонар любога еўрапейскага збору.


Узроставы дыяпазон юбіляраў ад 60 да 160. Старэйшы - Юдэль Пэн, прадстаўнік Віцебскай школы і настаўнік Шагала. Ад яго тут усяго два палотны. І калі адна з карцін выстаўлялася, то партрэт - хутчэй за ўсё, мастак пісаў яго на заказ - дэманструюць упершыню. Музей набыў яго ў 60-х, мяркуецца, што ў сям'і самога заказчыка.


Другі раз за гісторыю выстаўляюць карціну мастака-самавука Льва Дамінскага Стары з вёдрамі. Першы раз яе паказвалі публіцы на адной з дэкад беларускага мастацтва ў 20 гадах мінулага стагоддзя.


У асноўным выстаўляюць работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага. Спецыяльна для выставы некаторыя прайшлі праз рукі рэстаўратараў, на дзесяці палотнах замянілі рамы. Карціны асобных мастакоў - гэта ўласнасць калекцыянераў. Многія з паказаных твораў вельмі рэдка пакідалі запаснікі.