Нацыянальны гістарычны музей у Мінску і Нясвіжскі замак увайшлі ў топ-5 музеяў краін СНД

29 апреля 2020
Рэйтынг складзены па выніках аналізу папулярнасці музеяў, наяўнасці віртуальных тураў, а таксама  багацці нацыянальных артэфактаў. Напрыклад, фонды Нясвіжскага замка налічваюць каля 30 тысяч экспанатаў. Але наша здымачная група ўбачыла тое, што ўтоена ад вачэй турыстаў. Сямейная рэзідэнцыя Радзівілаў  з новага ракурсу - у сюжэце Алены Вітко.

Шматвяковая гісторыя Нясвіжскага замка

На гэтай гравюры прадстаўлены план горада Нясвіжа. Вось тут мы бачым драўляны замак Мікалая Радзівіла Чорнага - бацькі Сіроткі. Адпаведна, сына не задавальняла  драўляная пабудова і ён пачаў будаўніцтва каменнага замка.

Першы камень у падмурак заклалі ў 1583 годзе. Тады ўзвядзеннем замка кіраваў італьянскі архітэктар Джавані Бернардоні. Але пасля войнаў і бітваў крэпасць неаднаразова перабудоўвалася і рэканструявалася майстрамі ўсёй Еўропы. 

Наталля Жарко, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Мы зараз у незвычайным ракурсе разглядаем палац - гэта палацавая тэраса, якая з'явілася тут ужо ў 19 стагоддзі. Перад намі ўся палацавая плошча. Тут можна ўбачыць уязную браму. Брама як раз з'явілася на самым першым этапе будаўніцтва палаца - гэта канец 16 стагоддзя. Студню ў цэнтры таксама можна ўбачыць адгэтуль. Па левым баку ад нас корпус камяніцы. Па правым - арсенал".

Паступова абарончы комплекс ператварыўся ў палацава-замкавы ансамбль. Рэнесанс і класіцызм, барока і мадэрн - у ім змяшаліся розныя стылі і эпохі. Зараз гэта помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Аўтэнтычнасць сямейнай рэзідэнцыі Радзівілаў

Віталь Бядрыцкі, спецыяліст па міжнародных адносінах Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Мы знаходзімся на параднай лесвіцы палаца. Сюды традыцыйна простыя госці не траплялі, турысты таксама сюды не трапляюць. Лесвіца цікавая тым, што тут шмат аўтэнтыкі. Напрыклад, парэнчы арыгінальныя Радзівілаўскія. Таксама і фрэскі. Над намі - сапраўдная карціна, якая знаходзілася пры Радзівілах".

Аўтэнтыкай напоўнілі кожны куток родавага гнязда Радзівілаў. Яго аднаўлялі па рэдкіх фатаграфіях і гістарычных дакументах. А фамільныя прадметы шукалі па ўсім свеце. 

Зараз мы знаходзімся ў жаночай палове замка, а дакладней у месцы, куды не заходзяць турысты - гэта спальня княгіні. Тут прадстаўлена самае дарагое набыццё музея - спальны гарнітур з 15 прадметаў. На ім захавалася арыгінальная абіўка канца 19 стагоддзя.

Эксклюзіўную мэблю знайшлі ў Канах - у Францыі. Камплект выкупілі  і даставілі ў Нясвіж. Усяго ж у фондах музея - каля 30 тысяч экспанатаў.

Віталь Бядрыцкі, спецыяліст па міжнародных адносінах Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Перад намі самыя апошнія набыцці нашага музея. Гэта рэчы, якія адзначаны фамільным гербам Радзівілаў. Тут ён добра бачны - на шкатулцы, на падносе. Гэта рэчы з чыстага серабра. Ёсць яшчэ незвычайны экспанат. Такі вось сасуд для астуджэння напояў. У цэнтры яго знаходзіцца колба, у якую змяшчаўся лёд. Ён і астуджаў напой".

Прагулкі па замку - online і offline

Палац - гэта восем тысяч квадратаў і больш за 30 магнацкіх зал. Каб у дэталях разгледзець рарытэтныя прадметы, спатрэбіцца не адна гадзіна. Спецыялісты музея  распрацоўваюць разнастайныя маршруты і экскурсіі. Анімацыйныя, начныя, нядаўна з'явіліся і анлайн-туры.

Наталля Жарко, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": "Усе музеі зараз сталі на паўзы, але гэта не час расслабляцца - гэта як раз час падумаць аб новых магчымасцях. Мы таксама, як і шматлікія музеі, выходзім на электронныя пляцоўкі. Знятыя ўжо тры анлайн-экскурсіі".

На выбар у музеі  больш за 10 экскурсійных праграм. Маршруты праходзяць па экспазіцыях, горадзе, парку, у тым ліку праз Нясвіжскую ратушу і Слуцкую браму.