Нацыянальная бібліятэка адзначае 10-годдзе новага будынка

16 июня 2016

Галоўнае кнігасховішча, навуковы і культурны цэнтр Беларусі - Нацыянальная бібліятэка - сёння адзначае 10-годдзе новага будынка. У 2006-м пры ўдзеле Кіраўніка дзяржавы адбылося ўрачыстае адкрыццё алмаза ведаў. Нацыянальная будоўля, удзел у якой прыняла ўся краіна, сёння ўнікальны і ўніверсальны комплекс, дзе найноўшыя тэхналогіі суседнічаюць з рарытэтнымі калекцыямі.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Па ўсіх бібліятэчных правілах тут пануе цішыня, якую кожныя 5-10 хвілін парушае спецыфічны шорах на вышыні больш за 70 метраў. Так пад купалам бібліятэкі гучыць яе галоўнае ноу-хау - стапрацэнта аўтаматызавная сістэма дастаўкі літаратуры. Адзіная на Беларусі і першая на постсавецкай прасторы. Яна дазваляе бібліятэкару і чытачу максімум за 20 хвілін дачакацца патрэбнай кнігі. Для параўнання: у Кіеве на такую працэдуру пойдзе тры гадзіны. У Стакгольме транспарціроўка магчымая толькі раз на дзень.

Мы знаходзімся ў самым цэнтры сістэмы кіравання транспартна-адраснай дастаўкі выданняў. Цалкам аўтаматызаваная сістэма «Тэлеліфт» - гэта 65 кантэйнераў, якія рухаюцца ў пяці напрамках і вязуць кнігі ў 28 прыёмна-адпраўных станцый, размешчаных амаль у кожнай бібліятэчнай зале.

Адкрытае толькі для інжынераў памяшканне. Пульт кіравання амаль касмічны: 12 гадзін за суткі спецыялісты рэгулююць рух па монарэйках. Тыя акружаюць усе 12 гектараў пабудовы.

Электронныя рэсурсы, віртуальныя наведвальнікі. Да 10-годдзя бібліятэкі тут праходзіць міжнародны тэхнічны кангрэс. На парадку дня найноўшыя тэхналогіі бліжэйшай будучыні, патэнцыяльныя формы захавання інфармацыі на базе нейратэхналогій.

Новаму будынку дзесяць гадоў, але сама бібліятэка ад 1922 года. Самыя грунтоўныя яе калекцыі збіраліся дзесяцігоддзямі. Для захавання помнікаў беларускай і замежнай літаратуры створаныя найбольш спрыяльныя ўмовы: тэмпература не вышэй за 18 градусаў, вільготнасць 50 працэнтаў.

Дзесяць гадоў - і стэрэатыпу бібліятэкі як выключна кнігасховішча не існуе. Гэта сапраўдны культурны цэнтр, адкрыты як для беларусаў, так і для замежных гасцей.