Народныя традыцыі адрадзілі на Любаншчыне

14 июля 2014

Беларускія народныя традыцыі адрадзілі на Любаншчыне. У вёсцы Шыпілавічы на працягу чатырох гадоў працуе летняя этнафальклорная школа для моладзі. Юнакі і дзяўчаты з розных куткоў Беларусі з'язджаюцца на мастацкі фэст. І далучаюцца да старажытных абрадаў.


Рэпартаж Юліі Токар.


Маладыя таленавітыя людзі, у тым ліку, студэнты-фізікі, матэматыкі і нават эканамісты спасцігалі сакрэты народных традыцый. Цікава, што з універсітэта культуры студэнтаў прыязджае менш за ўсіх.


Сяргей Выскварка, арганізатар летняй фальклорнай маладзёжнай школы Пятровіца: Першы год было прыкладна 60 чалавек. Цэлы тыдзень мы тут танцавалі, а фіналам гэтага свята заўжды ставіцца абрад Пятроў. Сёлета нас малавата, але гэта для нас малавата - каля 40 чалавек. Кожны дзень праходзіць каля 4 - 5 майстар-класаў, мы выязджаем на вёскі да нашых бабуль любанскіх.


Мясцовыя бабулі і дзядулі ахвотна дзяліліся сваімі ведамі з моладдзю. Удзельнікі школы знаёміліся з фальклорнымі калектывамі, ўзнавілі і любанскі каравайны абрад. Дарэчы, у сапраўднай печы пяклі хлеб і нават… чызкейк. Зараз гэта ўлюбёны ласунак у месцічаў. Натхняюць радкі з вядомай песні Павалякаў.


Васіль Каткавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама:


І гэта вось такое нязмушанае перайманне гэтых традыцый. Таму што яны ў нас вельмі багатыя. Другая справа, што мы часам не адчуваем і шукаем дзесьці там, за межамі. А яно вось тут. Тут у нас на Любаншчыне, на Беларусі. Тут нашы карані, тут нашы традыцыі, тут нашы вытокі.


З беларускімі народнымі танцамі, песнямі і рамёствамі знаёміліся на майстар-класах. Многім удалося навучыцца правільна выконваць перапляс.