Народнае шоу "Я магу!" рыхтуецца прэзентаваць сваю тэлеверсію

20 января 2015

Народнае шоу "Я магу!" - праект, якому яшчэ не было аналагаў у Беларусі, - рыхтуецца прэзентаваць сваю тэлеверсію. Роўна палову, а менавіта 6 паўфіналаў, творчая брыгада Белтэлерадыёкампаніі амаль зняла, і ў гэтыя хвіліны журы вызначае апошніх прэтэндэнтаў для ўдзелу ў наступным раўндзе. Паводле палажэння тэлеконкурсу ў плэй-оф выйдуць па два нумары, прычым адзін з іх будзе выбраны выключна тэлегледачамі. Змагацца ўдзельнікам праекта ёсць за што: акрамя самарэалізацыі і ўсеагульнага прызнання, пераможца атрымае аўтамабіль і вялікі грашовы прыз. У Палацы спорту, дзе праходзяць здымкі конкурсу, працуе наш карэспандэнт Станіслаў Ліпскі (прамое ўключэнне).

Вы ведаеце: на такім кірмашы талентаў я яшчэ, прызнаюся, не быў, хоць мне амаль 26. Маштаб конкурсу неверагодны: каманда Белтэлерадыёкампаніі падчас кастынгу па ўсёй краіне ўбачыла каля 700 нумароў. І вось 120 лепшых з іх зусім хутка будуць прапанаваныя на суд гледачоў нашага канала. Што датычыцца да канкурсантаў, дык гэта звычайныя беларусы. Тыя, хто, пэўна, жадае самарэалізавацца, можа, здзівіць кагосьці або камусьці нешта даказаць. А можа, што абсалютна лагічна, і добра зарабіць: трыўмфатар народнага шоу атрымае грашовы прыз і аўтамабіль. Нумары дзівяць сваім спектрам: фокусы, акрабатычныя эцюды, танцы, зразумела, песні, мініяцюры, фаер-шоу - увогуле, кожны знойдзе свайго ўлюбёнца. Паводле рэгламенту конкурсу пройдуць 12 паўфіналаў. У кожным з іх журы вылучыць свайго пераможца, а яшчэ 12 шчасліўчыкаў будуць вызначаныя вашым рашэннем, паважаныя тэлегледачы. Пры супадзенні меркаванняў другім фіналістам становіцца ўдзельнік, які заняў другое месца па выніках галасавання тэлегледачоў. А вось у вялікім фінале - ён, дарэчы, выйдзе ў эфір 25 красавіка, - лёс першага ў гісторыі народнага шоу пераможца вызначаць тыя, хто вечар прысвяціць прагляду нашага тэлеканала. 25 красавіка будзе ўлічвацца выключна галасаванне тэлегледачоў. Такім чынам, у гэтыя хвіліны творчая група Белтэлерадыёкампаніі завяршае здымкі шостага, апошняга ў рамках другога этапу, паўфіналу, і ўжо 31 студзеня ў вячэрнім прайм-тайме прэзентуе першы з іх.

Старт тэлефоннаму галасаванню дадуць - увага! - у суботнім выпуску праграмы "Панарама", а адразу пасля яго аб’явяць імёны пераможцаў. Карацей, хваляванне на суботнія вечары канкурсанты сабе гарантавалі, а нам нічога не застаецца, як атрымліваць асалоду ад іх таленту.