Напярэдадні на 87-м годзе пайшоў з жыцця найстарэйшы мастак Беларусі Май Данцыг

27 марта 2017

Спачуванне родным і блізкім народнага мастака накіраваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Імя Данцыга - у сотні лепшых майстроў савецкай эпохі. Ён выпускнік першага набору Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. Затым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Пасля вяртання некалькі дзесяцігоддзяў Май Данцыг выкладаў у сённяшняй Акадэміі мастацтваў. Сярод яго вучняў - сотні жывапісцаў, якія ствараюць сучаснае мастацтва як у нас у краіне, так і за мяжой. Работы Данцыга захоўваюцца ў музейных зборах шматлікіх краін. Пра майстра - Алена Борматава.

Асабовая справа прафесара Данцыга пад № 62. Захоўваецца ў Акадэміі мастацтваў. Дакумент на 242 аркушах дагэтуль не трапляў на вочы пабочных людзей. Эксклюзіўныя кадры. Пажоўклыя лісты паперы 50-х, дзе рукой маладога мастака напісана аўтабіяграфія і заява на працу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Адзінае месца працы Данцыга.

Міхаіл Баразна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: "Дзіўныя рысы характару і біяграфіі. Ён у 52-м годзе паступіў у Маскоўскі сурыкаўскі інстытут. У 58-м годзе скончыў з адзнакай, такіх у тыя гады было не так шмат. Прыязджае ў Мінск па запрашэнні Віталя Канстанцінавіча Цвірко і да 11 года ён нязменна працаваў у нас у Акадэміі".

Данцыг - выпускнік першага набору нашага мастацкага вучылішча. Пасля заканчэння едзе паступаць у Маскву. З конкурсам 70 чалавек на месца становіцца студэнтам мастацкага інстытута імя Сурыкава. З чырвоным дыпломам мастак вяртаецца на радзіму.

Сярод першых вучняў Данцыга - старэйшыя за яго людзі ці аднагодкі. Шчамялёў, Паплаўскі, Сумараў. Больш чым за паўстагоддзя выкладчыцкай дзейнасці Данцыг выпусціў сотні жывапісцаў. Задорын, Бархаткоў, Заслонаў. Апошнія дыпломы ў Данцыга абаранялі ўсяго шэсць гадоў таму.

Шасцідзясятнік, аматар вялікіх формаў. Яго манументальныя палотны ў некалькі разоў вышэйшыя за яго рост. Ён піша як Рэпін - пэндзлем на доўгай палцы. Мінчанін у трэцім пакаленні, Данцыг стварыў дзясяткі прысвячэнняў гораду. Хрэстаматыйныя палотны сталіцы складаюць залаты фонд нацыянальнага мастацтва. За мальбертам ён працаваў да апошняга. Развітанне з Маем Данцыгам пачнецца заўтра ў 11:00 у Доме афіцэраў. Пахаваюць народнага мастака на Усходніх могілках Мінска.