Пачынаецца продаж білетаў на канцэрты Славянскага базара ў Віцебску

16 апреля 2014
У пятніцу, 18 красавіка, пачынаецца продаж білетаў на канцэрты Міжнароднага фестывалю мастацтваў Славянскі базар у Віцебску. Сёлета ўжо 23-і музычны форум пройдзе з 10 па 14 ліпеня. Гэта даты афіцыйнага адкрыцця і закрыцця фестывалю, але фактычна свята падоўжыцца дзевяць дзён. У праграме - паўсотні канцэртаў, творчых сустрэч і спектакляў. У Віцебск прыедуць прадстаўнікі больш як трыццаці краін.


Падрабязней - Вольга Маслоўская.

Зоркі з сусветным імем, тэатральныя сустрэчы, вечары джазавай музыкі. Ужо 18 красавіка ў касах Віцебска - на два дні раней за сетку Інтэрнэт - пачнецца продаж білетаў на сольныя канцэрты 23-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў Славянскі базар.


Цэны - на любы кашалёк: ад пяцідзесяці тысяч да мільёна трохсот. А канцэртныя праграмы - на любы густ. Піліп Кіркораў, Валерыя, Стас Міхайлаў, Хор Турэцкага, Алёна Ланская, Аляксандр Рыбак і многія іншыя адкрыюць фестываль феерычным гала-канцэртам.


У праграму Славянскага базара вяртаюцца вечары джазавай музыкі. На тэатральных падмостках будуць іграць Нона Грышаева, Сяргей Юрскі, Яўген Сідзіхін. Новы праект пад назвай Лялечны фармат збярэ ў Віцебску тэатры марыянетак.

Ларыса Оленская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама: Прафесійных артыстаў будуць дапаўняць народныя калектывы. У Горад майстроў прыедуць 400 рамеснікаў не толькі з Віцебскай вобласці, але і з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Трансляцыю гала-канцэртаў з галоўнай пляцоўкі фестывалю - Летняга амфітэатра - будзе весці Белтэлерадыёкампанія. Штодня ў эфіры - Дзённікі Славянскага базара. Сёлета павялічаны памер Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні з 10 000 да 20 000 долараў. Правілы адбору будуць жорсткія. Удзельнікам трэба прайсці праз сіта паўфіналу.


Аляксандр Сідарэнка, дырэктар дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў Славянскі базар у Віцебску: Сёлета моцна ўзрасла цікавасць да конкурсу. Паступіла больш за 50 заявак.


Унікальнае будзе афармленне галоўнай сцэны. Арганізатары абяцаюць 3D-эфекты і разнастайныя колеравыя рашэнні. А таксама музычныя фантаны, якія танцуюць.