Пачаўся нацыянальны адбор на "Славянскі базар у Віцебску"

16 марта 2024

Дзесяць таленавітых выканаўцаў уступілі ў барацьбу за права праспяваць ад Беларусі на "Славянскім базары ў Віцебску". У Бялынічах пачаўся нацыянальны адбор на XXII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс.

Сцэну раённага цэнтра культуры адаптавалі для прыгожага шоу. Удзельнікі прыехалі з Мінска, Магілёва, Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Ім трэба будзе  выканаць дзве песні: адну на свой выбар, а другую - на  беларускай мове або айчыннага кампазітара.

Журы ўзначаліла Алена Атрашкевіч - старшыня Беларускага саюза кампазітараў. Эксперты выставяць ацэнкі ў прамым эфіры. А ў 17:00 дзеці саступяць сцэну дарослым выканаўцам. Вырашальнае слова ў судзейскай калегіі застанецца за кампазітарам Алегам Елісеенкавым.

Назіраць за вакальнымі баталіямі нацыянальнага адбору можна з любога пункта Беларусі. Прамую трансляцыю арганізоўвае Белтэлерадыёкампанія. Глядач можа далучыцца да канцэрта, уключыўшы тэлеканал "Беларусь 3".