Пачалася цырымонія адкрыцця міжнароднага фестывалю мастацтваў Славянскі базар

11 июля 2013

Фестываль фестываляў. Менавіта такім убачаць гледачы XXII Славянскі базар у Віцебску. Ужо гэтымі хвілінамі на сцэне знакамітага Летняга амфітэатра пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця міжнароднага фестывалю мастацтваў. Вялікі форум або проста свята славянскай культуры сабраў у горадзе над Дзвіной больш за 5 тысяч удзельнікаў з 31 краіны свету. Кожны дзень абяцае быць інфармацыйна і канцэртна насычаным. Юныя таленты і ўжо прызнаныя артысты будуць дзяліцца сваёй творчасцю. Узмоцніць фестывальную атмасферу вялізная колькасць выстаў-кірмашоў. Жыццё літаральна закіпіць на шматлікіх пляцоўках Віцебска.



Ну а зараз побач з галоўным месцам горада - Летнім амфітэатрам - знаходзіцца наш карэспандэнт Алена Панцюхова. Летні амфітэатр у Віцебску гэтымі хвілінамі знаходзіцца пад прыцэлам сотняў фота- і відэакамер, а навіна аб адкрыцці Славянскага базару зараз разлятаецца па розных краінах свету. Літаральна некалькі хвілін таму пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў. У зале - аншлаг. У грымёрках, дарэчы, таксама. Таму што зорак, якія прымаюць удзел у канцэрце, значна больш, чым гэтых самых грымёрак. Мы пакуль рыхтаваліся да эфіру, бачылі, як пад'язджалі да службовага ўваходу ў амфітэатр Надзея Бабкіна, Аляксандр Сяроў, Аляксандр Малінін, Крысціна Арбакайтэ, Алена Ваенга, Дзіма Білан. І, дарэчы, нікога з іх не бянтэжыць той факт, што прыйдзецца з кімсьці пацясніцца. Дзеля выступлення на Славянскім базары зоркі гатовыя мірыцца з бытавымі нязручнасцямі.



Мой калега Аляксандр Свірскі сёння ўпэўніўся ў тым, што зорныя райдары, аказваецца, гэта штука вельмі ўмоўная.


Літаральна толькі што на галоўную сцэнічную пляцоўку прыбыў Прэзідэнт Беларусі. Удзел Кіраўніка дзяржавы ў цырымоніі адкрыцця - гэта непарушная традыцыя. Дарэчы, сёлета па даручэнні Кіраўніка дзяржавы фестываль змяніў сваю канцэпцыю. Ён стаў на два дні карацейшы, але за кошт гэтага яшчэ больш насычаны. Сёлета за адзін фестывальны тыдзень у Віцебску будзе рэалізавана каля 60 творчых праектаў.