На сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску ідзе рэпетыцыя цырымоніі закрыцця "Славянскага базару"

18 июля 2016

У гэтыя хвіліны на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску ідзе рэпетыцыя цырымоніі закрыцця XXV фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Удзел у вячэрнім шоу возьмуць Валерый Лявонцьеў, Алена Ваенга, Аляксандр Разенбаум, Дзіяна Арбеніна, Аляксандр Буйноў, Глеб Мацвяйчук, LOBODA і іншыя зоркі эстрады. Са сцэны прагучаць новыя песні, гледачы ўбачаць арыгінальныя рэжысёрскія хады і яркую сцэнаграфію. Да афіцыйнага закрыцця фестывалю адбудзецца яшчэ некалькі канцэртаў і паказаў. У міжнародным прэс-цэнтры "Славянскага базару" ідуць "Зорныя гадзіны". У 18:00 у Летнім амфітэатры сваё юбілейнае шоу пакажа арт-гурт "Хор Турэцкага".

На вячэрнім гала-канцэрце вырашыцца інтрыга вакальнага конкурсу маладых выканаўцаў. Будуць названыя імёны ўладальнікаў Гран-пры і трох прэмій. І калі фаварытаў у гэтым спаборніцтве гледачы ўжо ведаюць, то ў дзіцячым конкурсе адзнакі не аб'яўляліся. Пераможцаў у гэтай музычнай алімпіядзе ўзнагародзяць а 17-й гадзіне на сцэне канцэртнай залы "Віцебск".