На "Славянскім базары ў Віцебску" - дзень Саюзнай дзяржавы

17 июля 2020
Для артыстаў і гасцей - гэта сустрэча добрых сяброў. А для выканаўцаў-пачаткоўцаў - магчымасць гучна заявіць пра сябе. Як славянская гасціннасць пакарае сэрцы, раскажа Марына Раманоўская.

Каб узяць аўтограф і зрабіць сэлфі з артыстамі, фанаты не шкадуюць часу. Дзяжураць ля Летняга амфітэатра. Рэпетыцыі на галоўнай пляцоўцы "Славянскага базару" праходзяць нон-стоп. Усё адладжана да дробязяў. Фестывальныя службы не спяць нават ноччу. 

Сёння на "Славянскім базары" дзень Саюзнай дзяржавы. Ён пачаўся з патрыятычнай ноты. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ўсклаў кветкі. А напярэдадні парламентарыі пабывалі ў Балбасаве. Там пабудаваны важны лагістычны аб'ект, які будзе працаваць на эканоміку Саюзнай дзяржавы. 

Для сапраўдных сяброў  няма меж. Гэта  чарговы раз даказаў "Славянскі базар". За гады правядзення тут пабывалі прадстаўнікі каля 80 краін. 

Аляксандр Лукашэнка пастаянны госць фестывалю. У тым, што Прэзідэнт стане часткай вялікага славянскага свята, наўрад ці  хтосьці сумняваўся. Выступаючы на сцэне Летняга амфітэатра, Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ён у зале з пачуццём радасці і гонару за беларусаў. Наш народ ніколі не станавіўся і не ўстане на калені перад выклікамі часу. Тут, на віцебскай зямлі, заўсёды мір і ўзаемаразуменне. Мастацтва сапраўды па-за палітыкай.

Вядома, трывожныя думкі былі:  ці не стане пандэмія прычынай парушыць амаль 30-гадовую традыцыю. Але мастацтва ўзяло верх. Вядома, не без заслуг урачоў.  Менавіта яны справіліся са складанай эпідсітуацыяй у рэгіёне. Шмат у чым дзякуючы ім фестываль не паставілі на паўзу, як гэта здарылася па ўсім свеце. Пра гэта на ўрачыстым адкрыцці скажа Прэзідэнт, а ў адрас медыкаў прагучаць словы падзякі.

Яшчэ адным хедлайнерам канцэрта адкрыцця стаў Філіп Кіркораў. Сёлета артыст стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". 

Пазыўныя XXIX форуму мастацтваў будуць гучаць у Віцебску чатыры дні. І кожны  гэта мора праектаў. З года ў год фестываль устанаўлівае рэкорды. Па колькасці зорных шоу, запрошаных майстроў, памятаюць госці і 12-гадзінны танцавальны марафон, а таксама маштабны забег. Гэты "Славянскі базар" прэтэндуе на намінацыю найбуйнейшага open air  Еўропы. Нават прэс-канферэнцыі з зоркамі праходзяць на адкрытых пляцоўках. Надвор'е ў Віцебску  радуе. 

Музыканты, мастакі, танцоры запрашаюць зазірнуць на фестываль вулічнага мастацтва. Для гасцей падрыхтавалі квесты, майстар-класы, перформансы, светлавыя шоу. Весялосць з раніцы і да позняга вечара.

Віцебск прываблівае зорак сусветнага маштабу і запальвае новыя імёны. Жыццё маладых артыстаў пасля "Славянскага базару" крута змяняецца. Перамога ў фестывалі - гэта пуцёўка ў свет шоу-бізнесу. У прафесійнай біяграфіі Рамана Волазнева ўдзел і перамогі ў прэстыжных міжнародных конкурсах. Аўтар слоў, музыкі. Летась артыст выпусціў дэбютны альбом. Стаць удзельнікам "Славянскага базару" - даўняя мара. І яна спраўдзілася на XXIX форуме. Раман прадстаўляе Беларусь на конкурсе эстраднай песні.

Справіцца з хваляваннем і паказаць вакальны максімум. Ангеліна Ламака гатовая пакарыць журы артыстызмам і бездакорнымі ўборамі. У дзіцячым конкурсе канкурэнцыю беларусцы складуць 16 выканаўцаў. Сёння адбылася жараб'ёўка. Наша Ангеліна выйдзе на сцэну пад нумарамі 5 і 13. 

У гэтыя хвіліны апладысменты гучаць у адрас удзельнікаў канцэрта Саюзнай дзяржавы. А ноччу ў Летнім амфітэатры - залатыя хіты. Ужо заўтра на галоўнай сцэне фестывалю запаляць украінскія зоркі:  Ціна Кароль, Мікалай Гнацюк, Таісія Павалій.

А яшчэ заўтра ў фестывальным Віцебску дзень моладзі. Дзень моладзі на "Славянскім базары"  - гэта заўсёды максімум крэатыву. 

І ўпершыню на фестывалі стартуе праект "Моладзевы цягнік". Каля сотні чалавек з усіх рэгіёнаў краіны адправяцца ў вялікае падарожжа па Беларусі. 

Такім чынам, прамая трансляцыя з фестывальнага Віцебска пачнецца ў 22:00 на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". А адразу пасля "Панарамы мы пакажам закуліссе "Славянскага базару" ў нашых дзённіках.