На рэстаўрацыю і аднаўленне аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці накіруюць больш як 3 мільёны рублёў

13 июня 2020
Сярод апошніх навін - наш унутраны турызм на ўздыме. Варыянтаў для адпачынку маса. Беларусы накіраваліся на выставы, у палацы і музеі. А нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць. Захаванню гістарычнай спадчыны - увага асаблівая. Так, на рэстаўрацыю і аднаўленне аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці накіруюць больш як 3 мільёны рублёў з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва. Распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы. 

На што яшчэ пойдуць сродкі - распавядзе Іна Пілевіч. Прыжыццёвае выданне Мялеція Сматрыцкага ўпершыню ў дзяржаўнай калекцыі. Вось гэты рарытэт - класіка беларускай літаратуры пачатку 17 стагоддзя - неўзабаве стане ўласнасцю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Кніжны помнік будзе набыты дзякуючы фінансаванню фондам Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Праца грамадскага дзеяча, архіепіскапа Полацкага, аўтара знакамітай "Граматыкі" ўжо прайшла экспертызу. Яна знаходзіцца на часовым захоўванні ў Нацыянальнай бібліятэцы. Апроч выдання Мялеція Сматрыцкага, яшчэ 7 каштоўных нацыянальных дакументаў стануць уласнасцю галоўнага кнігасховішча краіны. І аб кожным можна смела сказаць: выключна рэдкі прадмет. Сярод набыццяў і дзве граматы каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх - Жыгімонта Вазы і Уладзіслава IV. Яны кіравалі нашымі землямі ў канцы 16-га - пачатку 17 стагоддзяў. Адзін дакумент - на паперы, другі - на пергаменце. Адпаведна, на лацінскай і беларускай мовах. 

Дакументы, якія нясуць гістарычную, культурную і матэрыяльную каштоўнасць, рэгулярна набываюцца дзякуючы падтрымцы фонду Прэзідэнта. Сёння турысты едуць у бібліятэку, каб убачыць кніжныя помнікі, а навукоўцы карыстаюцца электроннымі копіямі рарытэтаў. Заахвочванне і матэрыяльная падтрымка важныя! Бо гаворка ідзе аб нашай спадчыне, нашай самаідэнтычнасці! Усе гэтыя аб'екты - частка нашага жыцця і гісторыі, а значыць - частка духоўнага кода беларусаў, калі хочаце. Захоўваючы і прымнажаючы культурны
падмурак краіны, становімся толькі мацнейшымі. 


У гэтым сезоне фонд Прэзідэнта вылучыць больш як 3 мільёны рублёў на фінансаванне творчых праектаў


Усяго ў спісе 5 пазіцый. Вялікая частка сродкаў будзе накіраваная на рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя працы на аб'ектах са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Найбольшая сума пойдзе на кансервацыю былога калегіума езуітаў касцёла ў Мсціславе. 


498 тысяч рублёў накіруюць на захаванне Гальшанскага замка


Навукоўцы дагэтуль не ведаюць, як ён выглядаў першапачаткова. Вакол архітэктурнага стылю вядзецца мноства дыскусій. Аднаўленчыя працы тут ідуць ужо не адзін сезон. Адзіная з чатырох захаваных - Паўночная - вежа ўжо практычна адноўленая. Праектам прадугледжана ўнутранае аздабленне, узнаўленне камінаў і падлогі. Зараз працуюць над праектам экспазіцыі. 

Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. І аднаўленне архітэктурных шэдэўраў толькі пацвярджае імідж Беларусі як "краіны замкаў". Адраджэнне помнікаў архітэктуры дазволіць развіваць турыстычную галіну - адзін з ключавых і перспектыўных сектараў эканомікі нашай краіны.