На пляцоўцы перад Летнім амфітэатрам прайшла цырымонія падняцця флага "Славянскага базару"

16 июля 2020
Прама зараз  ля  Летняга амфітэатра адкрываюць імянную зорку Філіпа Кіркорава. 

На сувязь са студыяй з Віцебска выходзіць наш карэспандэнт Ніна Мажэйка.  Васільковае прывітанне з фестывальнага Віцебска. Сапраўды, у гэтыя хвіліны на знакамітай Алеі зорак ля Летняга амфітэатра запальваюць новую зорку. А дакладна, добра ўсім вядомую. Маштаб гэтага артыста даўно не вымяраецца звыклымі стандартамі. Вялікі сябар фестывалю Філіп Кіркораў заслужыў увагу гледачоў. 


Зорны спецрэйс прыбыў у Віцебск 


Варта адзначыць, што госці "Славянскага базару" працягваюць прыбываць. Сёння раніцай на чыгуначную станцыю прыехаў спецрэйс Масква - Віцебск. Маршрут аказаўся спецыяльным не толькі з-за статусу пасажыраў, але і з-за стратэгічнага прызначэння. Міжнародныя лініі часова змянілі свой графік. Тым не менш, для фестывальнага саставу зрабілі выключэнне. 


Цырымонія  падняцця флага "Славянскага базару" 


Праграма форуму, нягледзячы на скарочаны графік, вельмі насычаная. І хаця журналісты і артысты ўжо на нізкім старце, афіцыйнае адкрыццё адбылося літаральна паўгадзіны таму. На пляцоўцы перад Летнім амфітэатрам прайшла цырымонія ўзняцця флага "Славянскага базару". 


Кульмінацыя дня - урачыстае адкрыццё "Славянскага базару"


Фестываль расправіў ветразі пад акампанемент мажарэтак. За 29 гадоў "Славянскі базар" выйшаў далёка за межы выключна славянскага поля. За гэты час на форуме пабывалі прадстаўнікі больш чым 70 краін з пяці кантынентаў. Нягледзячы на эпідэмічныя абмежаванні, падзея не страціла сваёй актуальнасці і сёлета. 

Наперадзе галоўная кульмінацыя дня сённяшняга  -  канцэрт-адкрыццё. Яркую цырымонію можна будзе ўбачыць па тэлевізары ў 22 гадзіны на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24".