На тыдні ў Брэсце прайшоў Міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”

13 января 2018

Канцэрты і зорныя імёны, амаль паўтысячы ўдзельнікаў і 13 краін свету. На тыдні Брэст ператварыўся ў культурную сталіцу. Тут прайшоў Міжнародны фестываль класічнага мастацтва “Студзеньскія музычныя вечары”. Трыццаты па ліку форум падарыў гледачам і артыстам нямала сюрпрызаў. Якіх?

Убачыла Вікторыя Патоня.

Каляднымі днямі ў Брэсце чарговы раз гучыць класічная музыка. Піяністы, вакалісты, выканаўцы джаза і сапраўдны парад аркестраў. Гэта адна з яркіх асаблівасцяў сёлетніх “Студзеньскіх музычных вечароў”.

Спецыяльна да 30-годдзя фестывалю ля галоўнай пляцоўкі - Тэатра драмы - з’явілася своеасаблівая галерэя. Тут фотаздымкі і тэкставая інфармацыя пра ўдзельнікаў юбілейнага форуму. Усяго за гады існавання “Вечароў” на брэсцкай сцэне выступілі артысты амаль з 40-ка краін свету.

Упершыню на форуме Прэзідэнцкі сімфанічны аркестр Беларусі. Ён прапанаваў публіцы кінамікс: знакамітыя мелодыі з савецкіх фільмаў. Некаторыя гледачы ледзь стрымлівалі эмоцыі: падпявалі на сваіх месцах.

Прыняла бурнымі апладысментамі брэсцкая публіка ўсіх артыстаў, якія прыехалі на юбілейныя “Вечары”. На сцэне самыя гучныя імёны сусветнага маштабу. Піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзімір Дулаў разам з Дзяржаўным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі выканаў канцэрт № 5 Бетховена. Гучалі італьянская класіка, джазавыя кампазіцыі, апрацоўкі і інтэрпрэтацыі. На сцэну выйшлі квартэт Гары Гутмана са Злучаных Штатаў Амерыкі і знакамітая спявачка з Вялікабрытаніі Лорыян Браўн. Фартэпіяна, флейта, арфа… У віртуозным выкананні гучала музыка для душы.

Фестывальная пляцоўка не абмежавалася толькі Брэстам. Канцэрты прайшлі ў Кобрыне і Жабінцы. Адбыўся і традыцыйны баль. Нязменны арганізатар, дырэктар і рэжысёр фестывалю Лілія Батырава прызнаецца: сама не чакала, што “Вечары” стануць збіраць поўныя залы.

Для гледачоў гэта ўнікальная магчымасць пачуць салістаў оперных тэатраў Італіі, Расіі, Польшчы. На “Вечары” прыязджаюць з іншых гарадоў, прыходзяць нават сем’ямі.

За 30-гадовую гісторыю ўдзельнікамі “Студзеньскіх музычных вечароў” сталі амаль 7 тысяч выканаўцаў. А сам форум атрымаў прызнанне далёка за межамі краіны. Аматары класічнага мастацтва прызнаюцца: яны чакаюць новых сустрэч. Тым больш што ў наступным годзе плануецца аб’явіць Брэст культурнай сталіцай СНД.