На тыдні католікі адзначалі 400-годдзе знаходжання на нашай зямлі іконы Маці Божай Будслаўскай

7 июля 2013

Ну а далей Жан-Луі Тарана чакалі ў Мядзелскім раёне, у які гэтымі днямі сцягваліся вернікі з усяго свету. Перш чым адслужыць святую імшу, легат доўга маліўся перад Маці Божай Будслаўскай. На тыдні католікі адзначалі 400-годдзе знаходжання на нашай зямлі гэтай дзіўнай іконы. Ужо шмат гадоў гэты вобраз як апошняя надзея для паломнікаў, якім спадзявацца больш не на што. Да яе ідуць за вылячэннем душы і цела і атрымліваюць яго. Цуды Будслаўскай іконы прызналі нават у Ватыкане. Месца, дзе яна захоўваецца, святое. Людзі расказваюць неверагодныя гісторыі, і такіх аповядаў з кожным годам становіцца ўсё больш.


Пра апякунку Зямлі беларускай - Алена Борматава. Тысячы вернікаў перад велічнай базілікай - храмам асаблівага рангу, нададзенага Ватыканам. Тут захоўваецца святыня - апякунка Беларусі - Маці Божая Будслаўская. Абраз быў прынесены сюды 400 гадоў таму і да гэтага часу знаходзіцца на алтары, створаным спецыяльна для іконы Маці Божай. Усяго аднойчы святыня пакінула гэтыя сцены, калі яе адвезлі ў Мінск на рэстаўрацыю.


Пілігрымы пераадолелі сотні кіламетраў. Хтосьці ехаў на машынах з іншых краін. Пакланіцца Маці Божай Будслаўскай прыехалі нават з Італіі. А хтосьці пераадольваў адлегласць пяшком. Ішлі больш за тыдзень. Амаль у кожнай беларускай пілігрымкі па 400 чалавек - у гонар 400-годдзя знаходжання Маці Божай у Будславе.


Невялікі пасёлак у Мядзельскім раёне сабраў каля 50 тысяч вернікаў. У самім жа Будславе ўсяго 280 дамоў і жыве каля тысячы чалавек. Мястэчка, якое сама Маці Божая некалі абрала сваёй беларускай рэзідэнцыяй, умясціла адразу каля дзесяці сярэдніх райцэнтраў Беларусі.


Дарога да храма займае чаргу з некалькі тысяч чалавек і некалькі гадзін чакання. Нацыянальны санктуарый - святое месца Беларусі - умяшчае ўсяго да паўтары тысячы чалавек. Апошнія некалькі метраў да святыні вернікі пераадольваюць на каленях. Плячо ў плячо. І дарослыя, і дзеці.


Цудадзейную сілу заступніцы Беларусі 15 гадоў таму прызнаў і Ватыкан, калі абраз каранавалі папскімі каронамі. Для католікаў гэта значыць тое ж самае, што для праваслаўных кананізацыя святых.


Адным з самых яркіх і відовішчных мерапрыемстваў у шанаванні Маці Божай стала ўрачыстае шэсце са святыняй. Паломінкі, святары і мясцовыя жыхары з лампадкамі і свечкамі хрэсным шляхам ідуць па цэнтральнай - Чырвонай - плошчы Будслава.


Начная працэсія аб'яднала святароў розных канфесій. Разам ідуць католікі і праваслаўныя. Побач з мітрапалітам крочаць і семінарысты. Бела-залатыя - святочныя аддзені - святыя айцы апранаюць толькі на самыя ўрачыстыя святы літургічнага календара. На імправізаваным алтары пад адкрытым небам тая самая копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якая на працягу некалькіх месяцаў вандравала па ўсіх каталіцкіх парафіях Беларусі. І як 400 гадоў таму, яе з Далгінава прынеслі ў Будслаў. Тут жа галоўную святую імшу адслужыў папскі легат - кардынал Жан Луі Таран.


Менавіта ён у сакавіку абвясціў усяму свету аб выбранні новага Папы Рымскага Францішка. Цікава, што перакладчыкам папскага легата на святой імшы стаў сам Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.


Перад тым, як служыць святую імшу, Жан Луі Таран зайшоў у касцёл і маліўся перад святыняй - апякункай Беларусі. Бо увесь гэты час арыгінал іконы - той самы, які ў 16-ым стагоддзі быў напісаны ў Рыме, знаходзіцца ў храме. Нават на юбілейныя ўрачыстыя святы ікона Маці Божай Будслаўскай не пакідае нацыянальны санктуарый.