На Дняпры ўжо які год "Александрыя збірае сяброў"

7 июля 2018

Першыя дні ліпеня ў Беларусі па традыцыі насычаныя святочнымі падзеямі. Сёння эстафету пераняла Магілёўская вобласць. Тут на Дняпры вось ужо які год "Александрыя збірае сяброў". Свята, якое па праве набыло статус нацыянальнага брэнду. Сёлета Купалле абяцае быць як ніколі маштабным. Аграгарадок ператварыўся ў адну вялікую канцэртную пляцоўку. Паўтары тысячы артыстаў з сямі краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Германіі і Польшчы. Сапраўдны культурны мост паміж народамі. Правесці ліпеньскія выхадныя на беразе Дняпра для многіх ужо сямейная традыцыя. За сотні кіламетраў сюды прыязджаюць дынастыямі, каб адпачыць душой і стаць сведкамі купальскіх цудаў. Які год Купалле на сваёй малой радзіме сустракае і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кульмінацыяй гэтага вечара стане канцэртная праграма. Яна пачнецца літаральна праз паўгадзіны.

Што адбываецца зараз у Александрыі, даведаемся ў нашага карэспандэнта. На прамую сувязь са студыяй выходзіць Вераніка Бута (прамое ўключэнне).

Менш чым паўгадзіны застаецца да пачатку гала-канцэрта. Таму, вядома, Александрыя ў гэтыя хвіліны жыве ў прадчуванні вячэрняга музычна-тэатралізаванага свята. У ім задзейнічаны больш як 200 артыстаў. Лейтматывам і сённяшняга канцэрта, і ў цэлым цяперашніх выхадных стане тэма малой радзімы.

Чакаюць на свяце і Кіраўніка дзяржавы. 8 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю такога фармату Купалля і імкнецца ў сваім шчыльным графіку заўсёды знаходзіць для яго час.

Александрыя збірае сяброў ужо дзявяты раз. Многае сёлета праходзіць упершыню.

Па-першае, змянілася галоўная пляцоўка - пад адкрытым небам размясцілі 3 тысячы месцаў у партэры. Для тых, каму ўсё роўна будзе цесна, трансляцыю канцэрта будуць весці на вялікім экране. Апроч галоўнай пляцоўкі ўвесь дзень працавалі тут дзве меншыя сцэны. Хаця без перабольшання можна сказаць, што бераг Дняпра ператварыўся ў адну вялікую канцэртную пляцоўку.

Як мінімум 7 моў свету можна пачуць на гэтым тыдні ў Александрыі. Але ўсе адно аднаго разумеюць тут без цяжкасці. Нас аб'ядноўваюць агульныя традыцыі.

Выстава-кірмаш, напэўна, за гэтыя гады ўжо стала візітнай карткай фестывалю. Больш чым кіламетр гандлёвых радоў, стылізаваныя вуліцы. На Міжнароднай тон сёння задавалі замежныя госці, на Беларускай знаёмілі з нашай спадчынай.

Кожны рэгіён паказаў свае традыцыі і ўменні, якія маглі і не дажыць да нашага часу. Шмат у чым дзякуючы такім фестывалям удаецца захаваць рамяство. Так, Беларусь хаця і невялікая тэрытарыяльна, але ўсё ж можа пахваліцца сваёй культурнай спадчынай.

Асобная пляцоўка ў аграэкатурызму. Адпачынак па-беларуску ўжо стаў нашым нацыянальным брэндам. Асаблівая ўвага спорту. У наступным годзе Беларусь прымае II Еўрапейскія гульні. Сёння ў Александрыі паказалі нашу гатоўнасць.

Не пакінулі без увагі беларускае Купалле і дыпламаты. Удалечыні ад сваёй Радзімы яны не ўпусцілі магчымасці далучыцца да свята. Для адных гэта даніна традыцыям, для другіх зусім новы вопыт і ўражанні.

Арганізатары разлічваюць, што Александрыя на гэтых выхадных збярэ каля 120 тысяч сяброў, што стане чарговым рэкордам фестывалю. Цяжка паверыць, але 8 гадоў таму іх было ў 40 разоў менш. У 2010-ым гасцямі свята сталі ўсяго 3 тысячы чалавек.

Гулянні традыцыйна праходзяць у маляўнічым месцы ля моста. Месца з асаблівай сімволікай. Гэтае месца, дзе злучаюцца не толькі два невялікія населеныя пункты - Александрыя і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўская і Віцебская. А ў пачатку ліпеня гэты мост сімвалізуе яшчэ і славянскае адзінства.

І сёння, і заўтра праца пляцовак будзе завяршацца бліжэй да паўночы. Сёння пахмурнае неба Шклоўскага раёна расфарбуюць залпы салюту і лазернае шоу. Для самых устойлівых усю ноч будуць іграць дыджэі. А заўтра (таксама асаблівасць сёлетняга фестывалю) пройдуць Дні культуры Украіны. Усяго да святкавання Купалля на беларускай зямлі далучыліся 7 краін. Александрыя, без усялякіх сумненняў, заслужыла права называцца фестывалем дружбы народаў.