Мядзел гэтым летам стаў творчай пляцоўкай для скульптараў з усёй краіны

17 августа 2018

Прыгажосць азёрнага краю ў дрэве і камяні, беларускія пейзажы на фасадах дамоў. Мядзел гэтым летам стаў вялікай творчай пляцоўкай для мастакоў і скульптараў з усёй краіны. Яны адлюстроўваюць адметнасці Нарачанскага парку ў розных тэхніках. Арт-аб'екты ўпрыгожаць вуліцы і скверы да свята хлебаробаў. У верасні там пройдуць абласныя "Дажынкі". Аляксандра Кавеліч убачыла, як горад ператвараецца ў галерэю пад адкрытым небам.

Акуратныя рухі майстра і велізарны камень літаральна ажывае. Таямнічы вобраз трываламу матэрыялу надае Іван Арцімовіч. Паказаць прыгажосць воднай стыхіі - такая мастацкая задума аб'яднала чатырох аўтараў - удзельнікаў творчага пленэру ў Мядзелі.

Мінімум змяненняў натуральнага матэрыялу або графічныя элементы. Скульптары абралі розныя тэхнічныя рашэнні. Каб ўвасобіць сваю ідэю, Аляксандр Сакалоў поўнасцю трансфармаваў прыродную форму каменя.

Два тыдні карпатлівай працы і гарадскі сквер Мядзела ператварыўся ў галерэю пад адкрытым небам.

У каменных карцінах скульптары адлюстравалі адметнасці азёрнага краю. Дарэчы, сам прыродны матэрыял - велізарныя валуны, якія тут сталі арт-аб'ектамі, знайшлі недалёка ад горада. Для гэтага майстры адправіліся ў сапраўдную творчую экспедыцыю.

Каб знайсці арыгінальныя сюжэты, мастак Яўген Сасюра пастаянна вандруе па розных гарадах Беларусі. Каларытны вобраз зараз пераносіць не на звычайнае палатно - кампазіцыя ў стылі стрыт-арт з'яўляецца на фасадзе шматпавярхоўкі.

Гэтым летам Мядзел стаў вялікай творчай пляцоўкай для мастакоў і скульптараў з усёй краіны. Яны адлюстроўваюць асаблівасці Нарачанскага парку ў розных тэхніках - ад разьбы па дрэве да сучаснага графіці. Творчы марафон завершаць да свята хлебаробаў. Сёлета ў горадзе будуць адзначаць абласныя "Дажынкі".