Музычную праграму "Магія квартэта" паказалі чатыры саксафаністы ў філарманічнай Малой зале імя Р. Шырмы

27 февраля 2024

Рытмы аргенцінскага танга і лацінаамерыканскіх танцаў, іспанскі каларыт, джазавыя і класічныя творы  ў выкананні толькі саксафонаў. Музычную праграму "Магія квартэта" паказалі чатыры саксафаністы ў філарманічнай Малой зале імя Р. Шырмы.

Аб магіі гучання ўнікальнага інструмента расказала Ларыса Гулякевіч.

Замест цэлага сімфанічнага аркестра чатыры саксафоны. Такі вось музычны квартэт ёсць у нас у Беларусі. Якім чынам саксафоны могуць замяніць розныя інструменты і нават голас чалавека?

Унікальны духавы інструмент быў сканструяваны бельгійскім майстрам Адольфам Саксам у 40-я гады XIX стагоддзя. Адсюль і назва - саксафон. А сусветна вядомы кампазітар і музычны наватар Гектар Берліёз - сябар Сакса - актыўна папулярызаваў новы інструмент і стаў аўтарам першага твора з удзелам саксафона.

Саксафоны (а іх 8 разнавіднасцяў) з сярэдзіны XIX  стагоддзя выкарыстоўваюцца ў духавым, сімфанічным і эстрадным аркестрах. Дзякуючы выразнаму шматграннаму гучанню і вялікай тэхнічнай рухомасці джазмены ва ўсім свеце празвалі саксафон каралём джаза.

Беларускі квартэт саксафонаў SAXAS існуе амаль тры гады. У складзе чароўнай чацвёркі музыканты, якія працуюць у розных калектывах нашай краіны. Віктар Цімафееў - артыст Прэзідэнцкага аркестра. Павел Казак - загадчык аддзялення аркестравых духавых і ўдарных інструментаў у музычным каледжы імя Глінкі. Дзмітрый Шувалаў пакуль яшчэ студэнт Акадэміі музыкі. А выкладае ў ёй Мікіта Пятроў - артыст  Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя Фінберга.

Кожнае выступленне - новыя варыяцыі і музычныя эксперыменты для прыхільнікаў. На гэты раз у Малой зале Белдзяржфілармоніі быў дадзены канцэрт "Магія квартэта". Гэта цэлая музычная палітра з твораў французскай і іспанскай музыкі, гучалі таксама рытмы аргенцінскага танга і мелодыі джаза. На гэты раз не абышлося без прэм’еры маладых беларускіх кампазітараў.